У Шуміліне прайшла тэматычная сустрэча “Лёс у нас адзіны”

Актуалии Общество

“Лёс у нас адзіны”
20 год таму – 2 красавіка 1996 года – у Маскве кіраўнікі Беларусі і Расіі – Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дагавор-пагадненне аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Тым самым заявілі пра рашучасць працягваць паэтапны рух да добраахвотнага аб’яднання ў Саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту краін. Дату падпісання дакумента вырашана было  абвясціць Днём яднання двух народаў.
З нагоды юбілею на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў ладзіліся шматлікія мерапрыемствы. Тэматычную сустрэчу пад назвай “Лёс у нас адзіны” ў мінулую пятніцу арганізавалі і правялі ў чытальнай зале раённай бібліятэкі работнікі раённага Цэнтра культуры і бібліятэкі. На свята запрасілі моладзь з раённай гімназіі, кіраўнікоў і актывістаў раённых грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў грамадскасці. Вядучымі сталі Беларусачка (Ганна Каламіец) і Расіяначка (Вераніка Саладухіна) у адпаведных нацыянальных уборах і з адпаведным валоданнем мовай, што надало своеасаблівы каларыт мерапрыемству.
“Сапраўды, дваццаць год таму быў падпісаны дакумент, які стаў пацвярджэннем моцнай і непарыўнай сувязі двух братэрскіх народаў, – адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірына Шалахава, якая прыняла ўдзел у тэматычнай сустрэчы. – Мы звязаны адзінымі каранямі, адной гісторыяй, агульнай культурай, духоўнымі ідэаламі. І дзякуючы гэтаму саюзу, існуе і працягваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў многіх сферах. Пацвярджэнне гэтага – супрацоўніцтва многіх прадпрыемстваў нашага раёна з расійскімі партнёрамі”.
Прадоўжыў тэму сяброўства расіян і беларусаў намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік Г. К. Шынкевіч. “Нарадзіўся я ў Расіі, адслужыў 33 гады, з іх 26 год праслужыў Расіі, у адстаўцы пераехаў у Беларусь, – расказаў Генадзь Канстанцінавіч. – Маю і сёння ў суседняй краіне шмат сяброў, ведаю не па чутках пра ваеннае сяброўства расіян і беларусаў. Часта адпачываю ў расійскіх санаторыях, і кожны раз, калі даведваюцца, што я з Беларусі, выказваюць словы пашаны ў адрас беларускага народа.”
Пра тое, што сяброўства звязвае нас мацней, чым палітычныя дакументы, паведала Яўгенія Гарбунова, вучаніца Обальскай СШ, у сваім аповедзе пра цесныя сувязі обальскіх вучняў з  байкерскім клубам “Штрафбат” з Санкт-Пецярбурга. Звязала іх памяць пра вайну і глыбокая пашана да подзвіга Героя Савецкага Саюза Зіны Партновай, ураджэнкі Ленінграда.
Пра цесную сувязь піянераў Шумілінскага раёна з маскоўскімі школьнікамі ўзгадала старшыня раённай арганізацыі “БРПА” Н. Л. Пятроўская, пра сяброўства маладзёжнай арганізацыі БРСМ – першы сакратар райкама ГА “БРСМ” А. Ю. Хмарын, пра ветэранскія ўзаеміны – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава.
Не губляе актуальнасці міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, удзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, алімпіядах і гульнях раённых гімназістаў, падкрэсліла дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна.
Як працяг гэтага – выступленне гімназіста Максіма Архіпава, які ў мінулым годзе разам з братам Георгіем стаў пераможцам конкурсу, арганізаванага рэдакцыяй газеты “Саюзнае веча” з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі. У якасці прыза за перамогу стала паездка хлопцаў у Брэст і Маскву.
Тэматычная сустрэча атрымалася цёплай, сяброўскай, лірычнай, насычанай інфармацыйна. Як цёплымі і шчырымі застаюцца адносіны беларусаў і расіян, у якіх на дваіх адна гісторыя, адна трагедыя, адна памяць, адны сябры, і ў якіх, як у той песні, “радная кроў, падобная парода”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 05.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *