Ситуация с палами сухой травы критическая — говорит начальник Шумилинского отдела МЧС Андрей Соснович

Актуалии Экология

Каб  не  трапіць  у  вогненны  палон
Штодзень супрацоўнікі МНС знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці – з наступленнем цёплага надвор’я пачасціліся выпадкі неасцярожнага абыходжанні з агнём пры выпальванні сухой расліннасці і спальванні смецця. Крытычнай назваў сітуацыю начальнік раённага аддзела МНС Андрэй Сасновіч. Толькі за апошнія некалькі тыдняў, з той пары, як стала актуальнай дадзеная тэма, выратавальнікі каля ста разоў выязджалі на пажары. І ўлічваючы тое, што сіноптыкі абяцаюць нам цёплае сухое надвор’е, небяспека палаў мінулагодняй травы ўзрастае.
Вясной нядбайныя дачнікі, саманадзейныя вяскоўцы і асобныя работнікі сельгаспрадпрыемстваў паляць смецце, сухую траву і пажніўныя рэшткі. Пакуль не ўвойдзе ў сілу маладая трава, сухастой у лясах, на палях і тарфяніках – ідэальнае асяроддзе для развіцця пажару, які здольны ўспыхнуць з невялікай іскры. Нават пры слабым ветры агонь хутка захоплівае вялізныя тэрыторыі. Ён пераходзіць на лясныя масівы і можа прыняць пагражальныя памеры. Ад палыхаючай травы загараюцца жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, атрымліваюць апёкі і гінуць людзі. І бяда абавязкова падсцеражэ неабачлівага. Вось і 5 красавіка зусім недалёка ад нас у вёсцы Сушына Полацкага раёна загарэлася сухая трава. У выніку пенсіянер загінуў. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём, а канкрэтней – выпальванне сухой расліннасці.
Кінутага акурка, пакінутай шкляной бутэлькі дастаткова, каб у гарачае надвор’е ў лесе, на тарфяніку ці на сухой траве адбыўся пажар.
Кіраўнікі гаспадарак нясуць персанальную адказнасць за пажарную бяспеку на палях і ўрочышчах, звяртае ўвагу Андрэй Іванавіч. Для гэтага арганізуецца патруляванне тэрыторый, а пры выяўленні палаў прыцягваюцца трактары і іншая тэхніка, абсталяваная плугамі для абворвання палаючых тэрыторый, і прылады для падвозу вады. Пастаянна патрулююць работнікі МНС, і не раз ім прыходзілася змагацца з агнём, літаральна, голымі рукамі: чакаць, пакуль прые-дзе падмога, бывае, немагчыма.
Для таго, каб пазбегнуць бяды, неабходна прытрымлівацца наступных рэкамендацый:
– ні ў якім разе не паліце траву, не пакідайце агонь без нагляду, старанна тушыце акуркі і запалкі перад тым, як выкінуць іх;
– калі заўважылі пажар, не праходзьце міма. Траву, якая толькі пачала гарэць, вы зможаце патушыць самастойна. Пры тушэнні падручнымі сродкамі можна збіваць полымя з краю пажару звязкай дубцоў ці галінак ліставых дрэў, ці закідваць край пажару пяском;
–  патушыўшы пажар, не сыходзьце да той пары, пакуль не пераканаецеся, што агонь не разгарыцца зноў;
– калі вы разумееце, што самастойна патушыць полымя ўсё ж не ўдасца, неадкладна паведаміце пра здарэнне па тэлефоне 101 і пастарайцеся як мага хутчэй пакінуць месца пажару.
У адпаведнасці з заканадаўствам за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях ці непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь (2 100 000 — 8 400 000 рублёў). Таксама за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці штраф да 12 базавых велічынь (2 520 000 рублёў). А яшчэ за такія парушэнні заканадаўствам прадугледжана і крымінальная адказнасць.
Адзначым, што ўчора прайшло пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, дзе перад усімі суб’ектамі  прафілактыкі і адказнымі былі пастаўлены канкрэтныя задачы па падтрыманні бяспечнай сітуацыі ў раёне.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *