Неделю леса Шумилинский район поддержал тысячами посаженных деревьев

Актуалии Общество Экология

Дрэвы саджаем – лес паважаем
З 2 па 9 красавіка ў краіне і ў нашым раёне ў прыватнасці праходзіла акцыя “Тыдзень лесу”. Сёлета акцыя прысвечана 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На Шуміліншчыне за тыдзень было высаджана 80 тысяч дрэў, паведамілі ў Шумілінскім лясгасе.
Згадзіцеся, цяжка ўявіць сабе сапраўдную вясну без пасадкі дрэў. Гаспадароў-садаводаў цікавяць пладова-ягадныя культуры, жадаючых аднавіць ландшафт ля дома ці будынка сваёй арганізацыі – нейкія дэкаратыўныя расліны. Вядома адно: зараз самы найлепшы час для пасадкі. “Вегетатыўны перыяд яшчэ не пачаўся, почкі не крануліся ў рост, а таму і саджаць зараз самы час. Можна і пазней, але шанцаў, што дрэва прыжывецца – менш”, – разважаў ляснічы Шумілінскага лясніцтва Андрэй Калдуноў, калі мы сустрэліся з ім на маштабнай акцыі ў рамках Тыдня лесу, якая ладзілася ля Шумілінскага возера ў пятніцу, 8 красавіка.
Работнікі райвыканкама, падатковай інспекцыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, інспекцыі па насенняводству, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і іншыя разам з леснікамі аднаўлялі парк, закладзены ў гонар 70-годдзя Перамогі. Інжынер па лесааднаўленні Дзмітрый Раманенка расказаў, што на гэтым месцы будзе высаджана каля 500 дрэў – дубоў, бярозак, рабін, ясеняў, клёнаў. Была праведзена інвентарызацыя, падлічана неабходная колькасць пасадачнага матэрыялу: некаторыя дрэўцы, пасаджаныя раней, не прыжыліся, іншыя былі пашкоджаны людзьмі ці жывёламі.
У гэты ж дзень бярозкі і вербы на сваім участку “пасялілі” дзеткі ясляў-сада №1 разам з выхавальніцай Аленай Красоўскай. Дапамагла ім у гэтай добрай  справе начальнік лесапункта лясгаса Святлана Лявонава, па сумяшчальніцтве – маці адной з дзяўчынак. Атрымалася сапраўднае свята. А загадчыца садка Алена Садохіна спадзяецца на цень, якую дадуць гэтыя дрэвы, калі вырастуць, і якой так не хапае летам на ўчастку.
Як заўважыў Андрэй Калдуноў, Тыдзень лесу – гэта не толькі пасадка дрэў, гэта, напрыклад, і сумесная работа з раённай гімназіяй па вырабе сінічнікаў. Лясніцтва прадаставіла гімназіі матэрыял, дзеці вырабілі 100 домікаў для птушак, што дазволіла ім не толькі крыху зарабіць, але і забяспечыць “жыллём” крылатых сяброў, што жывуць ля гімназіі: лясніцтва пакінула гімназістам 25 сінічнікаў, якія разам з леснікамі дзеці вывешвалі ў сваім лясным масіве. Таксама гімназісты зрабілі і развесілі ля возера гагалятні: няхай гняздуюцца рэдкія птушкі.
У суботу ж, 9 красавіка, кіпелі работы на пасадцы дрэў і ў дэндрапарку лясгаса. Было высаджана каля 500 саджанцаў. Таксама пасадачным матэрыялам была забяспечана Башнёўская школа. Асаблівую падзяку работнікі лесу дасылаюць вучням Мішневіцкай школы і яе дырэктару Пятру Спірыдонаву, якія ў суботу разам з работнікамі мясцовага лясніцтва высадзілі каля пяці тысяч маладых дрэўцаў. А лясгас з радасцю выдзяляе дрэвы для азелянення горада і раёна, падтрымлівае любую добрую ініцыятыву.
Наогул, гэты тыдзень для многіх з нас прайшоў пад дэвізам “Пасадзі дрэва”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *