БРСМ: ініцыятыўнасць і крэатыўнасць вітаюцца

Молодёжь

Ініцыятыўнасць і крэатыўнасць вітаюцца
У Шумілінскай СШ №1 прайшоў конкурс “Лідар – новае пакаленне!” сярод кіраўнікоў пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Лідары пярвічак БРСМ са школ раёна прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю, бачанне дзейнасці маладзёжнай арганізацыі, крэатыўны падыход да работы.   “Пярвічка вельмі важная ў жыцці любой грамадскай арганізацыі, і толькі сапраўдны лідар можа аб’яднаць вакол сябе, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, якая ўзначальвала  журы. – У вашых маладых руках будучыня нашай краіны”.
Сярод членаў маладзёжнай арганізацыі  багата ініцыятыўных, актыўных і творчых маладых людзей. Конкурс яскрава паказаў, што ў нас ёсць сапраўдныя лідары, якім можна даверыць будучыню Беларусі. Удзельнікі дэманстравалі новы погляд на жыццё і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, нестандартныя падыходы да рашэння праблем. Тры гадзіны, што доўжыўся конкурс, праляцелі імгненна.
Маладзёжныя лідары паказалі, што яны добра разумеюць як праз цікавыя і зразумелыя для моладзі крокі данесці да іншых свае ідэі (конкурс “Мая грамадзянская пазіцыя”). Са сцэны гучаў  завадны  рок-н-рол (пярвічка Мішневіцкай СШ),  дэманстраваліся гумарыстычны відэаролік (раённая гімназія) і артыстычнае выступленне (Башнёўская СШ).
Нялёгкая тэма “Роля моладзі ў Год культуры” была  прапанавана канкурсантам для выступлення. Сяргей Пусянкоў (Слабадская д/с-СШ), Маргарыта Іваноўская (Амбросавіцкая СШ), Вадзім Цітоў (Мішневіцкая СШ), Таццяна Яўсейчык (Башнёўская СШ) і Яна Долгая (Шумілінская СШ №1) за адведзеную хвіліну здолелі раскрыць тэму выступлення, прапанаваць цікавыя мерапрыемствы і акцыі.
Маладзёжныя лідары прадставілі праекты, якія яны рэалізуюць у сваіх навучальных установах.  Праектаў шмат, яны розныя, і зусім невялічкая частка іх была прадстаўлена ў гэты дзень: “Добрае сэрца – добрыя ўчынкі”, “Моладзь можа многае”, “Запалі сваю зорку”, “Маладзёжны экспрэс” і інш.
У конкурсе “Лідар-сюрпрыз” маладзёжныя актывісты выступалі са сваімі педагогамі. Разам яны спявалі, танцавалі, чыталі вершы, разыгрывалі гумарыстычныя мініяцюры.
Пераможцай конкурсу стала Яна Долгая (Шумілінская СШ №1), другое месца было прысуджана Таццяне Яўсейчык (Башнёўская СШ), трэцяе – Сяргею Пусянкову (Слабадская д/с-СШ).
*  *  *
Яна Долгая і Сяргей Пусянкоў абаранялі гонар нашага раёна на занальным этапе конкурсу “Лідар – новае пакаленне!”. Яна Долгая са сваёй групай падтрымкі заняла першае месца і выйшла ў фінальную частку абласнога конкурсу, які пройдзе ў канцы красавіка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *