Ещё в школьные годы Александр Зайцев решил стать офицером

Актуалии Молодёжь Общество

У вайсковай эліце

Яшчэ ў школьныя гады Аляксандр Зайцаў цвёрда вырашыў,  што сваё жыццё звяжа з Узброенымі Сіламі. “На мой выбар у першую чаргу паўплываў бацька Анатоль Мікалаевіч, – успамінае Аляксандр. – Ён часта расказваў пра сваю службу. Відаць, і захапіла мяне армейская рамантыка. Да таго ж, у нашай сям’і  афіцэр – гэта высокаадукаваны чалавек з пачуццём годнасці і гонару”.
Таму і не дзіўна, што пасля заканчэння школы Аляксандр паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння першым месцам службы  стала вайсковая часць у Баравусе, што каля Полацка. Менавіта тут лейтэнант Зайцаў спасцігаў першыя афіцэрскія навыкі. Потым была служба ў Заслонаве, пад Лепелем.  З першых дзён службы ў 19-й механізаванай брыгадзе старшы лейтэнант Аляксандр Зайцаў паказаў сябе граматным і ініцыятыўным афіцэрам. Кіраўніцтва часці заўважыла перспектыўнага афіцэра і праз некалькі месяцаў службы даверыла камандаванне ротай.
Штогод ва Узброеных Сілах праходзіць конкурс на лепшага камандзіра мотастралковай роты. Аляксандр Зайцаў упершыню ў гісторыі гэтага конкурсу  два гады запар, у 2013 і 2014 гадах, станавіўся лепшым камандзірам. Многія казалі, што ў Аляксандра добрыя афіцэрскія перспектывы.
Адметным стаў для Аляксандра Зайцава мінулы год. У пачатку года ён атрымаў званне маёра, а па восені  стаў слухачом факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі. Трапіць на гэты факультэт даволі складана, бо тут вучацца толькі самыя таленавітыя і перспектыўныя афіцэры, не выпадкова слухачоў і выпускнікоў гэтага факультэта называюць будучай ваеннай элітай. І прыемна тое, што сярод лепшых і наш зямляк.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №16 ад 23.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *