Мая мова: Уступім у зносіны?..

Духоўнае Общество

Уступім у зносіны?..
Як дзіця спазнае родную мову? Не па кніжках жа, не па правілах. Яно усмоктвае яе разам з матчыным малаком, разам з першым крокам, першым снегам і вясёлкай над лугам. Яно не мусіць задумвацца над лагічнасцю пабудовы моўных канструкцый, над правіламі, яно не карыстаецца для гэтага слоўнікамі ці іншымі дапаможнікамі.
Мова – прыкладна такая ж складаемая жыцця, як паветра. І калі чалавек з нараджэння чуе родную мову, накоплівае адпаведны моўны багаж і ўсё жыццё ім карыстаецца, узбагачае, дапаўняе і расквечвае яго – гэты чалавек шчаслівы. Прыкладна ў такой жа ступені, як той, каму не трэба задумвацца, як хадзіць ці моргаць.
Зусім іншая гісторыя, калі мова – чужая. Спадзявацца на інтуіцыю ў такім выпадку не прыходзіцца, і чалавек вымушаны пастаянна аналізаваць сваё маўленне, звяртацца да слоўнікаў і граматык, часта сумнявацца ў тым, што і як гаворыць ці піша.
На жаль, сёння беларускую мову многія спасцігаюць як замежную. Не раз даводзілася чуць ад бацькоў, што нават замежная іх дзецям лепш паддаецца, бо вывучаць яе пачынаюць паступова, з першай літары алфавіта. З беларускай усё інакш: дзіця бы нырае ў акіян, зусім не ўмеючы плаваць. Бацькі і хацелі б кінуць яму ратавальны круг, але і самі ў тым жа акіяне – бездапаможныя.
Вядома, што вывучэнне беларускай мовы ў школе прапануецца, зыходзячы з таго, што дзіця ўжо стаіць на трывалым падмурку родных слоў, паняццяў, моўных канструкцый. Але ж часцей гэта гісторыя пра акіян без ратавальнага круга. І многія бацькі ў такой сітуацыі не знаходзяць нічога лепшага, як падбадзёрыць сваё дзіця словамі накшталт: будзем спадзявацца, што акрамя школы беларуская табе нідзе не спатрэбіцца. Можа, і не спатрэбіцца…
Але ж я зусім не пра гэта хацела гаварыць, а якраз пра тое і пра тых, хто хоча і стараецца вывучаць мову, хто песціць роднае слова, падтрымлівае і ніколі ад яго не адмахнецца. Як мы і, хочацца спадзявацца, вы таксама. Але ж мы ўсе існуем у сітуацыі двухмоўя, і гэта не самае лёгкае жыццё з пункту гледжання моўнай практыкі. На якой бы мове мы ні выказваліся, рускай ці беларускай, мы ніколі не можам расслабіцца, заўжды вымушаны падбіраць словы, шукаць адпаведнікі, зноў і зноў памыляцца, выпраўляцца, “лезці” ў слоўнікі і перачытваць правілы. І нават той з нас, хто ўпэўнены ў бездакорнасці сваёй мовы (рускай ці беларускай – няважна), не застрахаваны ад таго, каб не “спатыкнуцца”. Вопытнае вуха ці вока заўжды “зачэпіцца” за няправільна пабудаваную моўную канструкцыю, форму слова ці кальку з іншай мовы. Асабліва пільныя нашы чытачы не-не ды і папракнуць у гэтым нас, журналістаў. І мы не крыўдуем, а не лянуемся зноў і зноў гартаць слоўнікі, якія і так да дзірак сцёртыя, абмяркоўваць, а то і спрачацца вакол таго ці іншага слова ці паняцця. Стараемся выпраўляцца і радуемся, калі атрымліваецца добра.
Для таго, каб мова жыла, дыхала, развівалася, найперш хочацца пазбавіць яе русізмаў, хаця б імкнуцца да гэтага. З асобнымі словамі прасцей – дапаможа слоўнік, а вось пры пераносе з рускай у беларускую нейкіх моўных канструкцый, устойлівых абаротаў, фразеалагізмаў можна “пашкодзіць” мову, русіфікаваць яе знутры – беларускімі словамі будаваць рускі тэкст. Ну, напрыклад, калі фразеалагізм “два сапога пара” перакладаць, як “два боты – пара”, у той час, як можна і лепей будзе скарыстаць беларускае – “на адным сонцы сушыліся” ці “абое рабое” і гэтак далей.
Якімі б блізкімі ні былі мовы, яны ўнікальныя. Іх уніфікацыя спрашчае, збядняе маўленне носьбітаў мовы. Замест таго, каб адштурхоўвацца ад надзвычай багатых унутраных рэсурсаў нашай прыгожай і мілагучнай беларускай мовы, мы шукаем ёй адпаведнікі ў рускай. І калі не знаходзім, то пачынаем падазраваць беларускую ў нейкай беднасці ці недасканаласці. Але ж і па-руску не ўсё скажаш. І вельмі часта пры перакладзе твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову перакладчыкі не знаходзяць нічога лепей, як скалькаваць, пакінуць нязменным беларускі варыянт. Я гэта ведаю дакладна, бо яшчэ ва ўніверсітэце пісала на гэту тэму дыпломную работу. Ёсць багата слоў і канструкцый, якія нельга ды і не трэба перакладаць.
Возьмем рускае слова общаться, якое руска-беларускі слоўнік прапануе перакладаць так: “1. мець зносіны; 2. (размоўнае) вадзіцца”. І калі вадзіцца, вадзіць кампанію – яшчэ неяк можна ўжываць, то гэтыя “двухпавярховыя” мець зносіны ці яшчэ лепш – уступаць у зносіны – ні ў якія вароты не пралезуць. Хлопца, які ўступаў у зносіны з сяброўкай, у чым толькі не западозраць (жартую). У такіх выпадках лепш спрашчаць, ужываць слова, якое найбольш дакладна адлюстроўвае нейкую канкрэтную сітуацыю. З тым самым общаться варыянтаў багата: сябраваць, гутарыць, калегаваць, гаманіць, весці гутарку, весці знаёмства, мець справу, знацца, братацца, кантактаваць, стыкацца, меркавацца і іншыя. Напрыклад, сказ “я давно с ней не общался” можна перакласці – “я даўно з ёй не бачыўся”. І гэта будзе добра.
Мы сапраўды можам дазволіць сабе не прыстасоў-вацца да рускіх слоў, не падладжваць іх пад сябе. Наша мова гэта дазваляе. Пра магчымасці беларускай мовы, нейкія канкрэтныя выпадкі перакладу паразважаем у наступны раз.
Прыемных вам размоў!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *