В Шумилинском районе прижились новые формы социальной работы

Общество

І санаторый на даму
Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро расказала, што ў раёне з’явіліся і прыжыліся новыя формы сацыяльнай работы:  прыёмная і патранатная сем’і, дом зімоўкі, санаторый на даму.
У большасці выпадкаў спалучэнне слоў “прыёмная сям’я” асацыіруецца   з бацькамі, якія бяруць на выхаванне дзяцей. Але ўзяць у сваю сям’ю можна і састарэлых людзей, кажуць работнікі ТЦСАН. “Прыёмная сям’я для пажылых – гэта справа добраахвотная і робіцца на грамадскіх пачатках, – расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Я. М. Сянькова. – Пажылыя грамадзяне жывуць у прыёмнай сям’і бясплатна, іх там даглядаюць, кормяць, сочаць за іх самаадчуваннем, пры неабходнасці звяртаюцца ў медыцынскія ўстановы. Прыёмныя сем’і часцей ствараюць нашы сацыяльныя работнікі, якім ідзе аплата па доглядзе за старымі згодна са штатным раскладам”. Думаецца, для таго, каб узяць у сваю сям’ю на догляд чужога састарэлага чалавека, трэба мець вельмі добрае сэрца і шчырую душу. Вельмі прыемна, што такія людзі ёсць у нашым раёне.
Прыжылася на Шуміліншчыне і такая форма сацыяльнай работы, як дом зімоўкі. Прадугледжана, што некалькі адзінокіх пенсіянераў зімою будуць жыць разам у адным доме. Разам лягчэй і печку прапаліць, і вады нанасіць. Ды і сацыяльнаму работніку ў маразы ды завеі зручней абслужыць некалькі пенсіянераў па адным адрасе. Дамы зімоўкі па ініцыятыве работнікаў ТЦСАН створаны ў вёсках Заложнае і Захарава, а таксама ў Шуміліне, расказала Фаіна Мяленцьеўна. А некаторыя пенсіянеры так сышліся па характары, агульных інтарэсах, што засталіся жыць разам і на вясну, а, мабыць, і назаўсёды.
Новай для нашага раёна з’яўляецца такая форма сацыяльнай работы, як патранатная сям’я – гэта значыць, гаспадары на некаторы час (на гадзіну-дзве ці на вечар, або на ноч) бяруць да сябе састарэлага чалавека, даглядаюць яго. Іншымі словамі, становяцца шэфамі над пенсіянерам: дапамагаюць у нарыхтоўцы  дроў, пакосе травы, праполцы агарода, зборы ўраджаю і г. д. У нашым раёне пакуль што створана адна патранатная сям’я ў Мішкавічах. Сацыяльны работнік Інэса Сулім даглядае адзінокую бабулю Г. П. Шэдзько, дапамагае ёй ва ўсім. Прычым, састарэлая часта і на ноч застаецца – доўгія вечары весялей праводзіць у сям’і.
Карыстаецца папулярнасцю сярод пажылых жыхароў нашага раёна санаторый на даму. Такой паслугай, як расказалі спецыялісты ТЦСАН, карыстаюцца 14 чалавек. Санаторый на даму – гэта комплекснае аказанне састарэлым грамадзянам сацыяльна-бытавых і медыцынскіх паслуг. “Нашы сацыяльныя работнікі гатуюць сваім падапечным (у пераважнай большасці інвалідам) дыетычную ежу, – удакладняе Ф. М. Сянькова. – Па рэкамендацыі дактароў заварваюць гарбату з розных лекавых траў, робяць нескладаныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры і масаж, якому папярэдне навучыліся ў медыцынскіх работнікаў. За такі санаторый на даму ад пенсіянераў атрымліваем шматлікія падзякі – такія паслугі заўсёды запатрабаваныя. Да таго ж, яны бясплатныя”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *