Тэлефануюць з просьбай дапамагчы

Общество Президент

Тэлефануюць з просьбай дапамагчы

Такая форма работы, як “прамыя” лініі прадстаўнікоў улады, якія штотыдзень праводзяцца па суботах у органах улады ўсіх узроўняў, даказала сваю эфектыўнасць і выніковасць. Яны не толькі даюць магчымасць не толькі жыхарам рэгіёнаў рашаць праблемныя пытанні, але дапамагаюць і ўладам вызначаць слабыя месцы ў рабоце асобных службаў, што займаюцца жыццезабеспячэннем насельніцтва.
У мінулую суботу прыём грамадзян і “прамую” лінію праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. На прыём да старшыні райсавета звярнуліся два жыхары райцэнтра, яшчэ некалькі чалавек патэлефанавалі. Ставіліся пытанні не толькі асабістага характару, але і такія, якія закранаюць многіх людзей. Так, з аграгарадка Башні папрасілі вырашыць праблему з вялікай калоніяй варання, якое засяліла высокія дрэвы і цяпер ўтварае вялікі шум, бруд, ды і прайсці побач з дрэвамі небяспечна. УП ЖКГ даручана вывучыць магчымасць выдалення гэтых дрэў хаця б на будучае, бо зараз тэрміны сышлі і экалагічнае заканадаўства не дазваляе разбураць птушыныя гнёзды.
Але большасць зваротаў былі ад жыхароў Шуміліна. Так, жыхарка райцэнтра звярнулася з просьбай аб рамонце агароджы, якая разбурана ў выніку ДТЗ. З вуліцы Кастрычніцкай паскардзіліся на адсутнасць вады: вуліца падключана да свідравіны райспажыўтаварыства, а яе адключылі. Праблему ўдалося вырашыць праз некалькі гадзін у той жа дзень, а УП ЖКГ даручана падключыць вуліцу да гарадскога водаправода, каб больш перабояў з вадой не было.
Адно з пытанняў тычылася выплаты зарплаты пасля звальнення. Праблемнае пытанне адрасавана ў адпаведную арганізацыю. Была скарга на нездавальняючы асартымент у цэнтральным універсаме. Прасілі аказаць гуманітарную дапамогу шматдзетнай сям’і. Звароты накіраваны ў адпаведныя службы. Пісьмовы адказ з тлумачэннем атрымае заяўнік, якога не задаволіў парадак налічэння падатку на зямлю і нерухомасць.
Як бачым, кола пытанняў разнастайнае. Галоўнае, што большасць з іх вырашаецца станоўча і абгрунтаваны адказ атрымае кожны заяўнік.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *