Почтовая связь в Шумилинском районе: история и современность

Актуалии Общество Экономика

Працаваць для людзей

З гісторыі
Біяграфія пошты пачынаецца з далёкага 13 стагоддзя, менавіта тады ўпершыню пра Віцебскую пошту расказала бяроста. У 13-14 стагоддзях ішоў актыўны абмен берасцянымі граматамі паміж гарадамі, была наладжана дастаўка не толькі княжацкіх грамат, але і пісьмаў простага народа. У 1802 годзе была створана Віцебская паштовая акруга. І да канца 19 стагоддзя на ўсім працягу паштовых дарог Віцебскай губерніі мелася 58 паштовых станцый. У пачатку 20 стагоддзя адчыніліся паштовыя аддзяленні ў павятовых гарадах Сянно, Гарадок, Лепель, а потым і ў буйных валасных цэнтрах Расоны, Лёзна, Янавічы, Чарэя. У 1939 годзе арганізавана Віцебскае абласное ўпраўленне сувязі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва краіны абслугоўвалі 2300 прадпрыемстваў сувязі. Па міжраённых трактах перавозка пошты, у асноўным, ажыццяўлялася аўтатранспартам, у далёкія гарады – самалётамі.
Тры гады нямецкай акупацыі нанеслі непапраўны ўрон паштовай гаспадарцы Беларусі. Толькі дзякуючы энтузіязму і прафесіяналізму паштовых служачых сувязь у краіне была адноўлена ўжо ў першыя дні пасля вызвалення.
Шырока разгортвалася механізацыя паштовай сувязі: укараняліся транспарцёры, грузавыя пад’ёмнікі, штэмпельныя, маркіраваныя, пісьмасартавальныя машыны. Курсіравалі спецыяльныя паштова-багажныя цягнікі. Уводзілася паштовая індэксацыя і аўтаматычная сарціроўка карэспандэнцыі.
У 1969 годзе ў Віцебску адкрыўся Віцебскі паштамт, у 1996 – утворана прадпрыемства “Віцебскаблпошта”, якое пазней стала называцца Віцебскі філіял РУП “Белпошта”.
У цяперашні час “Белпошта” – вялікае прадпрыемства, якое выкарыстоўвае ў сваёй рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, укараняе новыя запатрабаваныя паслугі, пастаянна працуе над павышэннем іх якасці.  Структурным падраздзяленнем філіяла з’яўляецца ўчастак паштовай сувязі Шуміліна, які прадстаўлены сёння 19 аддзяленнямі паштовай сувязі і адным пунктам паштовай сувязі. Працуе на ўчастку 58 чалавек. Дэвіз прадпрыемства – “Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць” – дэманструе асноўныя мэты і задачы, якія паспяхова ўдаецца вырашаць калектыву.
Юбілейныя ўрачыстасці
3 мая ў Віцебску прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 20-годдзю з дня ўтварэння Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” і  Дню работнікаў сувязі. Прыняць удзел у святочным мерапрыемстве былі запрошаны начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Новікава і паштальён аддзялення паштовай сувязі Мікалаева Валянціна Сініцкая. У гэты дзень разам з удзячнымі словамі за старанную работу лепшыя працаўнікі і калектывы атрымалі ганаровыя граматы. У прыватнасці, Ганаровую грамату РУП “Белпошта” атрымала начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Аляксандраўна Новікава – за дасягненні ў працы, шматгадовую плённую сумленную работу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прадпрыемства і ў сувязі з Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Алеся Аляксандраўна адзначыла, што высокія вынікі ў рабоце шумілінскай пошты –  заслуга ўсяго калектыву.
Ганаровая грамата Віцебскага філіяла РУП “Белпошта” была ўручана Багданавай Жанне Аляксандраўне, начальніку аддзялення паштовай сувязі Лескавічы.
Акрамя таго, сёлета на раённай Дошцы гонару красуецца партрэт шаноўнага работніка раённай пошты – начальніка АПС Шуміліна-2 Ліліі Іванаўны Шэдзько, якая шмат гадоў прысвяціла рабоце ў сферы паштовай сувязі, з’яўляецца прыкладам працавітасці, стараннасці і сумленных адносін да службовых абавязкаў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 36 ад 06.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *