Депутаты Шумилинского районного Совета депутатов рассмотрели вопросы с выездом на объекты

Актуалии Президент Экономика

Дэпутаты пазнаёміліся з эфектыўным выкарыстаннем аб’ектаў нерухомасці
Адным з асноўных пытанняў, вынесеных на парадак дня чарговай 42-ой сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая праходзіла 22 верасня, было пытанне аб выкананні заканадаўства па кіраванні і распара-джэнні нерухомай маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Шумілінскага раёна, уцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца неэфектыўна.
Менавіта таму сесія пачалася ў нетрадыцыйным фармаце. Перад пачаткам пасяджэння дэпутаты раённага Савета і запрошаныя на сесію члены райвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Снаравым, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна наведалі шэраг аб’ектаў, якія раней не выкарыстоўваліся, а зараз знайшлі новых гаспадароў. Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, абраныя аб’екты дэманструюць розныя магчымасці эфектыўнага выкарыстання закінутых будынкаў.
ТАА “Альянспластрэсурс” размешчаны ў будынку цэха былога механічнага завода. Будынак не выкарыстоўваўся і развальваўся, калі ў 2012 годзе яго выкупіў амаль за паўмільярда (недэнамінаваных) рублёў цяперашні ўласнік. Была праведзена рэканструкцыя, і ў канцы 2014 года новае прадпрыемства пачало выраб прадукцыі, было створана 44 працоўныя месцы. Зараз тут працуе 52 чалавекі. У ходзе экскурсіі выканаўчы дырэктар Аляксандр Кабанчук і галоўны бухгалтар Алена Шылко падрабязна расказалі пра вытворчасць, умовы працы, сацыяльны пакет, які існуе для работнікаў, прадэманстравалі ўзоры прадукцыі. Дарэчы, пластыкавая тара розных форм і памераў, якую  вырабляе “Альянспластрэсурс”, пераважна ідзе на экспарт ў Расію. Прадпрыемства ўражвае ўзорнай чысцінёй і парадкам на тэрыторыі і ў цэху.
Наступным аб’ектам стала прадпрыемства ІП А. А. Лаўрыненка. Інды-відуальны прадпрымальнік узяў у арэнду з наступным выкупам гаражы аднаго з аддзелаў райвыканкама, правёў іх рэканструкцыю і стварыў сучасную аўтамайстэрню з крамай аўтазапчастак.
Апошнім аб’ектам стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Пабудаваны і ўведзены ў 1988 годзе ў строй, ФОК працаваў да 1991 года, пасля чаго стаяў закінуты да 2012 года. На рэканструкцыю і мадэрнізацыю аб’екта з бюджэту выдаткавана каля 14 мільярдаў (недэнамінаваных) рублёў, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр уведзены ў 2016 годзе, прадстаўляе аздараўленчыя паслугі жыхарам раёна, забяспечвае работай 34 чалавекі.
На пленарным пасяджэнні сесіі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вараб’ёва падкрэсліла, што ад рашэння пытання эфектыўнага выкарыстання нерухомай маёмасці залежыць развіццё і фінансавы стан арганізацый і прадпрыемстваў, а значыць і эканомікі раёна. Пакуль не выкарыстоўваецца амаль пяць працэнтаў камунальнай уласнасці. Дакладчык адзначыла і асноўныя праблемы, якія існуюць па дадзеным пытанні: непаваротлівасць арганізацый па ўцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, маруднае рашэнне пытанняў рэгістрацыі маёмасці, дапушчэнне запазычанасці арандатараў па арэнднай плаце. За 2012-2017 гады уцягнуты ў абарот 111 аб’ектаў нерухомасці. Разам з тым, ёсць прыклады, калі прыходзілася вяртаць назад перададзеную маёмасць з-за таго, што яна неэфектыўна выкарыстоўвалася новымі гаспадарамі.
У ходзе абмеркавання пытання выступіла намеснік дырэктара ПГВУП “Легна” Ірына Дзіковіч. Прадпрыемства арандуе ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” будынак былой фермы, дзе арганізавала дрэваапрацоўчую вытворчасць. У планах – выкуп будынка ва ўласнасць, пашырэнне і паглыбленне вытворчасці, павелічэнне колькасці працоўных месцаў.
Былі заслуханы справаздачы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціны Мяньковай і дырэктара КУСГП “Сіроцінскі” Мікалая Прыгодзіча.
Аб стане і мерах па забеспячэнні эканамічнай устойлівасці і далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу раёна дэпутатам далажыў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталь Коваль. Лічбы наглядна прадэманстравалі, што хаця ўдалося спыніць падзенне колькасці пагалоўя жывёлы – па буйной рагатай жывёле плюс 894 галавы, у “плюсе” пагалоўе свіней, птушкі – прадукцыйнасць жывёлы не радуе і ў большасці гаспадарак валавая вытворчасць малака і мяса ніжэй за мінулагоднія паказчыкі. Крыху лепшая сітуацыя з прадукцыяй раслінаводства (больш мінулагодняга сабрана збожжа, насення рапсу).
Дакладчык вызначыў асноўныя прычыны такога становішча: парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны, нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, адсутнасць механізмаў рэалізацыі праграмы развіцця сельскагаспадарчых арганізацый. Пры гэтым, сёлета сельскагаспадарчым арганізацыям была аказана дзяржаўная падтрымка з бюджэтаў рознага ўзроўню на суму 1155,2 тысячы рублёў.
Прыкладам эфектыўнага вядзення сельскай гаспадаркі стала выступленне кіраўніка сялянскай (фермерскай) гаспадаркі “Раднік” Юрыя Сямёнава. Гаспадарка робіць стаўку на эканамічна выгадныя культуры, стварае моцную кармавую базу, выкарыстоўвае высокабялковыя культуры, як вынік – надой больш за 5000 кг на карову, нядрэнныя і фінансавыя паказчыкі.
Адбылася прынцыповая размова па пытанні надзвычай важным для ўсяго нашага аграрнага раёна, у якой бралі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош.
Па абодвух пытаннях былі прыняты рашэнні з улікам выказаных прапаноў і заўваг.
Намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Аксана Лебедзева ўнесла на разгляд дэпутатаў праект змяненняў і дапаўненняў у даходныя і расходныя артыкулы раённага бюджэту. За кошт датацыі з абласнога бюджэту былі павялічаны даходы раённага бюджэту на 605 тысяч рублёў.  Грошы накіраваны на фінансаванне капітальнага рамонту, субсідый на аплату камунальных паслуг насельніцтвам, рамонт дарог і іншае.
У пачатку наступнага года павінны прайсці выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вячаслаў Емяльянаў вынес на зацвярджэнне дэпутатаў адно з першых мерапрыемстваў па арганізацыі выбараў: была ўстаноўлена колькасць акруг па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў – 31 і сярэдняя колькасць выбаршчыкаў па акрузе – 465.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №75 ад 26.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *