В Шумилинском районе прошёл областной семинар по вопросам АПК

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Як гатовы да зімы?
Як ідзе сяўба азімых зерневых і колькі нарыхтавана кармоў? Колькі дояць малака і які выхад цялят на сто кароў? Якія меры прымаюцца па захаванасці жывёлы? Гэтым і іншым пытанням работы аграпрамысловага комплексу быў прысвечаны абласны семінар-вучоба, які на мінулым тыдні прайшоў у нашым раёне.

Семінар (на яго былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў райсельгасхарчаў вобласці і іх намеснікі, а таксама галоўныя ветэрынарныя ўрачы райветстанцый) правёў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама С. А. Догель. У рабоце семінара бралі ўдзел старшыня райвыканкама А. І. Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Пра вынікі ўборачнай кампаніі ў вобласці і ход сяўбы азімых расказаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама І. І. Фёдараў. Было ўказана на тое, што зараз трэба ўсе сілы кінуць на сяўбу азімых зерневых. Было рэкамендавана арганізаваць работу па ворыве і сяўбе ў дзве змены, каб энерганасычаная тэхніка і шыроказахопныя пасяўныя агрэгаты не прастойвалі. Як паказаў сёлетні год, адзначыў дакладчык, стаўку трэба рабіць перш за ўсё на азімыя зерневыя, якія на Віцебшчыне даюць большыя ўраджаі, чым яравыя. Трэба адзначыць, што наш раён на фоне іншых па сяўбе азімых культур  выглядае дастойна: на 19 верасня засеяна 48,4% да патрэбнага (па вобласці – 43%). У перадавіках – КУСГП “Ульскі” (73%) і ААТ “Лаўжанскае” (62%).
На семінары вялася гаворка пра здачу насення рапсу на маслаэкстракцыйны завод, пра ўборку канюшыны на насенне, уборку бульбы, закупку пестыцыдаў, гліфасатаў і мінеральных угнаенняў, рамонт тэхнікі і іншыя пытанні.
З дакладам па пытаннях жывёлагадоўлі выступіў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама У. А. Машэра, які адзначыў, што ў гэтым годзе гаспадаркі вобласці “туга ішлі па надоях малака” і толькі ў жніўні выйшлі на ўзровень мінулага года.  Уладзімір Аляксандравіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што цяпер, калі заканчваецца летні пашавы перыяд, важна не ўпусціць дробязяў, строга захоўваць тэхналогію кармлення і догляду жывёлы, каб захаваць стабільныя надоі ў час пераходу на зімовы стойлавы перыяд. Заатэхнічнай службе трэба ўдзяліць вялікую ўвагу прадукцыйнасці жывёлы, узнаўленню статку, якасці малака, якое павінна ісці гатункам экстра-клас. Не варта марудзіць з рамонтам абсталявання ў даільных залах. У адваротным выпадку вельмі цяжка будзе выйсці на запланаваную вытворчасць малака (106% да 2015 года).
На семінары вялася гаворка пра кармленне і ўтрыманне маладняку на  жывёлагадоўчых комплексах вобласці. С. А. Догель  назваў жывёлагадоўчы комплекс ААТ “Лаўжанскае”  адным з лепшых па камплектацыі цялят. Зараз комплекс, можна сказаць, адраджаецца: тут знаходзіцца амаль тры тысячы галоў жывёлы.
Другая, практычная, частка семінара прадоўжылася ў гаспадарках нашага раёна. Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Віцебшчыны пабывалі на звычайнай ферме Заўсыска КУСГП “Мішневічы”, дзе сёння дояць 13,3 літра на карову. Наведалі ферму Рашэтнікі і комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “Лаўжанскае”.

Таксама ў “Лаўжанскім” была паказана арганізацыя сяўбы азімых. Удзельнікі семінара пабывалі на палетках гаспадаркі, дзе пазнаёміліся з сяўбой новай высокапрадукцыйнай культуры – гібрыднага жыта гатунку “бона”.
Падводзячы вынікі работы, С. А. Догель  адзначыў, што застаўся задаволены ўбачаным: на фермах і комплексе наведаных гаспадарках нашага раёна праведзена вялікая работа, пабудаваны прафілакторыі для цялят, наведзены парадак, дагледжана даільная зала, наведаныя фермы практычна гатовы да стойлавага перыяду. Цяпер перад аграрыямі раёна стаіць задача захаваць дасягнутыя вынікі, не збаўляць тэмпы станоўчых пераўтварэнняў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *