Юрий Москальков: Всё, что придумано и возможно, в Шумилинском районе работает

Актуалии Общество Экономика

Апераджаючы час

Заўжды быць у авангардзе – для іх гэта нават не прынцыповая пазіцыя, а проста норма жыцця, рэаліі, якія вымушаюць да асаблівай аператыўнасці, дакладнасці, выверанасці рашэнняў, руху крок у крок з сучасным светам, а то і апераджаючы час. Па-іншаму і не выйдзе, калі твая прафесія – сфера камунікатыўных тэхналогій. Тут нельга дазволіць сабе расслабіцца: адстанеш на крок – спознішся на вечнасць.

Магчыма, і не ўсе такія чуткія да тых умоў, якія прад’яўляе тэхнічны прагрэс, але толькі не работнікі Шумілінскага раённага вузла электрычнай сувязі. Каля сарака чалавек, граматных, гатовых імгненна адрэагаваць на любыя сучасныя веянні, пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца, забяспечваюць стабільнае развіццё свайго прадпрыемства, а значыць, і наш з вамі камфорт.
Згадзіцеся, сёння мала хто можа дазволіць сабе абысціся без тэлефоннай сувязі, тэлебачання, інтэрнэта – выходзіць, што ўсе мы ў той ці іншай ступені карыстаемся іх паслугамі. І той факт, што мы даўно не задумваемся над якасцю гэтых паслуг, сведчыць пра адпрацаваны механізм, сістэму, якая функцыянуе без збояў. А калі яны, збоі, і здараюцца, ёсць магчымасць пераканацца ў бездакорнай рабоце сэрвіснай службы. “Кліент заўжды правы” – гэты “класічны” дэвіз ніколі не страціць сваёй актуальнасці там, дзе справа тычыцца работы з людзьмі.
Мадэрнізацыя, рэканструкцыя вытворчасці, укараненне і распаўсюджанне новых паслуг, пашырэнне абаненцкай базы – па гэтых важных паказчыках Шумілінскі раён, як правіла, апераджае суседзяў. Сёння РВЭС настолькі тэхнічна ўмацаваны, што лёгка можа рэагаваць на запыты кліентаў і тэхнічныя новаўвядзенні. Гэта ж забяспечвае і стабільную эканамічную сітуацыю на прадпрыемстве, кіраўніцтва якога выразна бачыць перспектывы.
Калі гаварыць пра канкрэтныя вынікі, то сувязісты ганарацца тым, што за мінулы год поўнасцю закончылі разблакіроўку ўсіх абанентаў: цяпер абанентаў, якія карыстаюцца адной лініяй на дваіх, няма. Таксама былі ліквідаваны ўсе станцыі аналагавага тыпу – састарэлыя тэхнічна і маральна. Усе абаненты, гэта тычыцца вяскоўцаў, былі пераключаны на новае абсталяванне і тэхналогію IMS, якая адкрыла новыя магчымасці па якасці і спектру прадастаўлення паслуг. Па гэтых і многіх іншых паказчыках шумілінскія сувязісты летась у лідарах у вобласці.
Наогул, усё, што прыдумана і магчыма, у нашым раёне працуе, заўважыў начальнік РВЭС Юрый Маскалькоў. Шумілінцы былі першымі ў вобласці сярод сельскіх раёнаў, калі ў 2014 годзе пачалі ўкараняць тэхналогію GPON – пасіўныя аптычныя сеткі. Акрамя таго, што амаль палова кватэр у райцэнтры ўжо пераведзена ў новы фармат, летась каля 600 абанентаў у Обалі адчулі на сабе магчымасці гэтай тэхналогіі. Наперадзе – другая чарга будаўніцтва ў Обалі (пры ўмове запатрабавання паслугі) і завяршэнне ўкаранення тэхналогіі ў Шуміліне. Увядзенне GPON істотна паляпшае якасныя характарыстыкі, пашырае тэхнічныя магчымасці і разнастайнасць паслуг. Самае непрыемнае для сувязістаў, калі прыходзіцца адмаўляць кліентам у падключэнні да той ці іншай паслугі з-за таго, што няма для гэтага тэхнічнай магчымасці. Такіх пытанняў не ўзнікае, калі працуе GPON і іншыя сучасныя камунікатыўныя платформы.
Спецыяліст па маркетынгу РВЭС Дзмітрый Байдакоў можа доўга і з запалам расказваць пра новыя зручныя сэрвісы і ўнікальныя паслугі, якія пастаянна з’яўляюцца на рынку камунікацыі. Ён першы да іх падключаецца і не па чутках ведае ўсе перавагі жыцця ў новым фармаце. Гэта тычыцца, напрыклад, новага брэнда “ЯСНА”, які аб’ядноўвае тры асноўныя паслугі: высокахуткасны інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і безлімітную тэлефонную сувязь. Аплата за паслугі, уключаныя ў пакет, робіцца з аднаго рахунка.
Новая паслуга “Разумны дом” уяўляе сабой сістэму кіруючых устройстваў, бесправадных датчыкаў (руху, тэмпературы ці вільготнасці, адчыненых дзвярэй і інш.), устройстваў відэаназірання. Карыстальнік можа настроіць сістэму не толькі на інфармаванне аб рэакцыі датчыка, але і на выкананне некаторых іншых дзеянняў. З’явіўся яшчэ і пакет “Сямейны”, які таксама можа быць цікавы абанентам.
Лепш за ўсё завітаць у РВЭС і пагутарыць пра ўсё гэта з самім Дзмітрыем. Заадно і павіншаваць яго і ўвесь калектыў раённага вузла электрычнай сувязі з прафесійным святам. Яны сапраўды гэта заслужылі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 36 ад 06.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *