Владимир Гуляев — лётчик, младший лейтенант, который освобождал Шумилинский район, и лейтенант милиции в фильме «Бриллиантовая рука»

Актуалии

Яны вызвалялі наш раён

Ад рэдакцыі. Напісаць пра гэтага чалавека, які прымаў непасрэдны ўдзел у вызваленні нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, папрасіла жыхарка аграгарадка Слабада Р. Мянькова. Яна ж даслала і выразку з газеты “СБ Беларусь Сегодня”. Вытрымкі з артыкула мы сёння і вырашылі апублікаваць.

У небе – Уладзімір Гуляеў

Невядомыя  старонкі  жыцця  вядомага  акцёра
Усе памятаюць “Брыльянтавую руку” легендарнага Леаніда Гайдая. Геніяльны кінатвор блішчэў цэлым сузор’ем славутых акцёраў. І нават тыя з іх, каму дасталіся толькі эпізадычныя ролі, назаўсёды засталіся ў нашай памяці. Адзін з іх – заслужаны артыст Расіі Уладзімір Леанідавіч Гуляеў, які ў фільме іграе сімпатычнага лейтэнанта міліцыі Валодзю. Мала хто з гледачоў ведае,  што перад намі сапраўды лейтэнант запасу, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны – старшы лётчык 826-га Віцебскага Чырванасцяжнага ордэна Кутузава штурмавога авіяпалка 335-й Віцебскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэна Суворава штурмавой авіядывізіі, які праславіўся ў баях пры вызваленні Беларусі і Прыбалтыкі. На “лятаючым танку” – штурмавіку Іл-2 – Гуляеў граміў ворага пад Віцебскам, Полацкам, Бешанковічамі, Лепелем, Даўгаўпілсам, Шаўляем, Кенігсбергам і Пілаў.
Як вядома, сярод савецкіх акцёраў было нямала франтавікоў, але толькі Гуляеў удзельнічаў у Парадзе Перамогі, толькі Гуляеў быў лётчыкам-штурмавіком, які здзейсніў 60 (!) баявых вылетаў, толькі Гуляеў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума Айчыннай вайны I ступені і вельмі шануемым франтавікамі медалём “За ўзяцце Кенігсберга”. Акрамя гэтага, ён быў самым маладым лётчыкам-штурмавіком не толькі ў сваёй 3-й паветранай арміі, але і ва ўсёй савецкай штурмавой авіяцыі ў гады вайны.
Самы малады курсант
Бацька, падпалкоўнік, кандыдат гістарычных навук Леанід Гуляеў, будучы намесні-кам начальніка палітаддзела ваеннай авіяцыйнай школы, прыклаў нямала намаганняў, каб дабіцца адпраўкі сына ў армію ў 17 год, каб 20 красавіка 1942 года Валодзю залічылі курсантам у Молатаўскую (Пермскую) ваенную авіяцыйную школу пілотаў. Мог бы і паберагчы сына, але гэта была сям’я сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, ды і Валодзя літаральна рваўся на фронт.
… Самы малады курсант Молатаўскай школы лётчыкаў-штурмавікоў Валодзя Гуляеў закончыў яе з адзнакай і, атрымаўшы званне малодшага лейтэнанта, прыбыў у 639-ы полк, які базіраваўся тады каля горада Веліж…
Так Уладзімір Гуляеў стаў пілотам браніраванага штурмавіка Іл-2, самага масавага ўдарнага самалёта франтавой авіяцыі Чырвонай Арміі, самалёта поля бою, які вынес на сваіх крылах асноўны цяжар паветранай вайны…
У навальнічным небе Беларусі
У маі 1944 года 335-я штурмавая дывізія ў складзе 826-га і 683-га штурмавых авіяпалкоў тайна перабазіравалася на аэрадром ля Гарадка на Віцебшчыне. Ёй адводзілася важнейшая роля ў баях за Віцебск і Полацк. Віцебскую групоўку вермахта немцы называлі гучна і пампезна – “Шчыт Прыбалтыкі”. Гэты самы шчыт і трэба было выбіць нашым войскам з крывавых рук “звышчалавекаў”.
Першыя вылеты Гуляева былі на штурмоўку чыгуначных станцый Лоўша, Обаль, Гараны на дарозе Віцебск-Полацк. Асабліва дасталося фрыцам ад удараў Уладзіміра ў Обалі. На гэту станцыю ён лятаў 20 мая, 6, 13 і 23 чэрвеня. У палкавых дакументах за 13 чэрвеня гаварылася: “Лятаючы на штурмоўку чыгуначнай станцыі Обаль у групе з шасці Іл-2, зрабіўшы 3 захады, нягледзячы на моцны зенітны агонь праціўніка, т. Гуляеў скінуў бомбы ў эшалон, назіраліся тры выбухі, агнём з пушак і кулямётаў расстрэльваў жывую сілу праціўніка. Заданне выканаў выдатна.” Да таго ж трэба дадаць, што сама станцыя прыкрывалася чатырма зенітнымі батарэямі ды яшчэ дзвюма на падыходзе да яе. Пра гэту яго снайперскую атаку нават напісала армейская газета “Савецкі сокал”. Выразку з артыкулам Гуляеў потым доўга з гонарам насіў у сваім лётным планшэце.
У час аперацыі “Баграціён” 826-ы штурмавы полк наносіў удары па жывой сіле і тэхніцы праціўніка, што рухалася па дарогах Добрына–Вербалі–Шуміліна–Бешанковічы–Сянно і Лоўша–Клімава. У складзе шасцёркі штурмавікоў падняўся ў паветра і малодшы лейтэнант Гуляеў са сваім паветраным стралком – сяржантам Васілём Вінічэнкам. Іх мэтай была нямецкая калона на дарозе Лоўша-Полацк. Але з паветра яны раптам убачылі, што на станцыі Обаль стаяць пад парай цэлых 5 эшалонаў ворага! Гуляеў прарваўся да іх скрозь шчыльны частакол зенітнага агню. Скінуць  бомбы на эшалоны і вярнуцца на свой аэрадром цэлым і непашкоджаным удалося толькі Гуляеву. На станцыі Обаль потым яшчэ цэлыя два дні бушаваў пажар і рваліся боепрыпасы. А дывізія ў той дзень панесла вялікія страты: 7 самалётаў і 4 экіпажы.
Пераляцеўшы на аэрадром Бешанковічы, 826-ы полк пасля знішчэння  ворага ў раёне Лепель-Чашнікі прыняў удзел у Полацкай наступальнай аперацыі. Уладзімір Гуляеў са сваімі таварышамі штурмуе нямецкія калоны і пазіцыі ў раёне Глыбокага, Дуніловічаў, Баравухі, Дзісны, Бігосава. 3 ліпеня граміў ворага на паўночна-ўсходняй ускраіне Полацка, а 4 ліпеня, у дзень вызвалення горада, удзельнічаў у разгроме нямецкай калоны на дарозе Дрыса (Верхнядзвінск) – Друя. У выніку гэтага знішчальнага ўдару немцы згубілі 535 (!) аўтамашын і рачную баржу. Шмат экіпажаў загінула, экіпажу Гуляеў-Вінічэнка, дзякуй Богу, шанцавала…
Хаця пазней былі і няўдачы, і цяжкія раненні, і тры месяцы лячэння ў Цэнтральным авіяцыйным шпіталі ў Маскве. А пасля – рапарт за рапартам і ў рэшце рэшт дазвол на паўторную медкамісію. У сакавіку 1945 года Гуляеў падняў свой любімы Іл-2 у паветра, прымаў удзел у штурме горада-крэпасці Кенігсберг…
Паставіць пераможную кропку ў вайне лейтэнанту Уладзіміру Гуляеву было су-джана на … Чырвонай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года! Высокі і статны Гуляеў цягне насок не дзе-небудзь, а правафланговым! Пра такое шчасце яшчэ можна было марыць, тым больш калі табе ўсяго толькі дваццаць…
Мірны час не знайшоў Гуляеву месца ў ваеннай авіяцыі. Сказаліся наступствы раненняў, кантузіі і набытай на лясным беларускім аэрадроме малярыі. Уладзімір апрануў цывільны касцюм.
Лятаць у фільмах выпуск-ніку ВГІКа, акцёру Тэатра-студыі кінаакцёра, заслужанаму артысту Расіі Уладзіміру Гуляеву, на рахунку якога каля сарака роляў, на жаль, не давялося…
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 36 ад 06.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *