На вуліцы мінус 27, а на кацельні – аварыя

Актуалии Безопасность

На вуліцы мінус 27,  а на кацельні – аварыя

16 лістапада ў ходзе камандна-штабных вучэнняў з органамі кіравання і сіламі Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны па тэме “Дзеянні пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый” на тэрыторыі Шумілінскага раёна было адпрацавана 16 уводных.
У прыватнасці, у 12.00 паступіла “Уводная №56”: “У выніку рэзкага паніжэння тэмпературы да -27 градусаў адбылося прамярзанне грунту, якое прывяло да ссоўвання інжынерных канструкцый з наступнай уцечкай газу ў фланцавае злучэнне. Спынена газазабеспячэнне газавага катла кацельні па адрасе: г.п. Шуміліна, вул. Сіпко, 89”.
Адразу да работы па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі прыступіла раённая камісія па надзвычайных сітуацыях на чале са старшынёй камісіі А. П. Быкавым. На месца аварыі аператыўна прыбылі ўсе неабходныя для ліквідацыі сітуацыі службы з адпаведнай тэхнікай. Быў створаны штаб па ліквідацыі аварыі, які ўзначаліў начальнік РАНС А. І. Сасновіч.
Спецыялісты ўсіх службаў дзейнічалі аператыўна і прафесійна. Выратавальнікі, газавікі, сувязісты, электрыкі, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і райспажыўтаварыства, медыкі і міліцыянеры сваімі дакладнымі дзеяннямі ў прапанаванай сітуацыі паказалі, што ў выпадку падобнай аварыі ў жыцці яны змогуць ліквідаваць яе ў максімальна  сціслыя тэрміны. А. П. Быкаў ацаніў работу ўсіх прыцягнутых да ліквідацыі НС службаў як добрую.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 21.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *