Хорошие новости из Добейского сельсовета: газификация и новоселье ФАПа

Актуалии Сельское хозяйство

Идёт ремонт в здании сельисполкома

Тэрыторыя – сельсавет
Мясцовая ўлада павінна весці за сабой людзей, быць прыкладам ва ўсім. Аўтарытэт складваецца і з таго, як, напрыклад, выглядае будынак сельвыканкама, тэрыторыя ля яго. Годна ў гэтым плане выглядаюць сёння адрамантаваныя будынкі Обальскага, Лаўжанскага, Светласельскага, Мішневіцкага, Мікалаёўскага сельвыканкамаў.  Цяпер прыйшла чарга Дабейскага сельвыканкама. З раённага і абласнога бюджэтаў выдзелены грошы на рамонт былога памяшкання пачатковай школы – тут размесціцца сельвыканкам. Будуць зроблены добрыя пад’яздныя шляхі, заасфальтавана пляцоўка.
“Мы вельмі рады такому аднаўленню, – расказала старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. – З нецярпеннем чакаем заканчэння рамонту. Дзякуй, што ў яго правядзенні нам аказваюць вялікую падтрымку абласная і раённая ўлады”.
Новае памяшканне сельвыканкама (а яго рамонт мяркуюць закончыць да канца года) абяцае быць прасторным. Акрамя кабінетаў старшыні сельскага Савета і кіраўніка справамі, тут размесцяцца архіў і зала для ўрачыстых абрадаў. Можа, і жадаючых ва ўрачыстай абстаноўцы зарэгістраваць шлюб (летась іх было толькі шэсць) стане больш.
Рабочыя “Шумілінагандальбуду” яшчэ летась адрамантавалі ў будынку дах, у лютым-сакавіку гэтага года спланавалі пляцоўкі. Падчас нашага прыезду жанчыны-муляры займаліся тынкоўкай сцен. Мужчыны “чаравалі” над аконнымі праёмамі.
“Яшчэ тры кабінеты рыхтуем пад фельчарска-акушэрскі пункт”, – расказалі нам рабочыя.
У Дабею ідзе газ
У вёску Дабея ідзе газіфікацыя. У першую чаргу газ будзе падведзены да шасці новых дамоў, што па вуліцы Цэнтральнай.
Жыхарам Дабеі, можна сказаць, пашанцавала, бо за падвод газу будзе плаціць ААТ «Прыазёрны мір». «Зараз вядуцца работы па падрыхтоўцы праектнай дакументацыі», – расказала старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. – У Дабеі ёсць і гаспадары прыватных дамоў, якія жадаюць ацяпляцца газам”.
Наколькі гэта рэальна, мы запыталіся ў галоўнага інжынера райгазу С. А. Дзмітрыенкі. “У нашых сілах газіфікаваць Дабею, – патлумачыў Сяргей Аляксандравіч. – Больш пашанцуе тым, у каго дамы па правы бок вуліцы Цэнтральнай – там пройдзе газаправод. Але ўсё роўна ў сярэднім газіфікацыя будзе каштаваць кожнаму гаспадару больш чым за тры мільёны рублёў,  плюс яшчэ трэба купіць газавы кацёл, які каштуе каля двух мільёнаў. Дарэчы, катлы раім купляць беларускай вытворчасці – яны больш надзейныя”.
“А як быць нам? Мы жывём на супрацьлеглым баку вуліцы, – пытаецца жыхарка Дабеі Т. А. Яйдзельская. – Да нас трэба весці газаправод праз асфальт. Гавораць, кожны метр каштуе каля мільёна. Такую суму не пацягнем, а так хочацца правесці газ”.
Тут дзяржава ідзе насустрач. “Калі збярэцца калектыў індывідуальных забудоўшчыкаў, то 70% выдаткаў аплачвае рэспубліканскі бюджэт і 30% – сам гаспадар”, – тлумачыць дырэктар райгазу Д. А. Дудкевіч. Дарэчы, пад гэтыя 30% можна ўзяць крэдыт. Як патлумачыла галоўны спецыяліст службы крэдытавання насельніцтва ЦБП № 225 “Беларусбанка” А. У. Малашонак, крэдыт даецца ўласнікам жылля (у тым ліку і пенсіянерам) на два гады пад 3%. Так што ў інтарэсах вяскоўцаў аб’яднацца і зрабіць газаправод амаль у тры разы таннейшым. І з заяўкай у райгаз не варта марудзіць.
Работы па пракладцы газаправода да новых дамоў у Дабеі пачнуцца сёлета ў трэцім квартале. “Газаправод будзе ўведзены ў наступным годзе. Так што печкі і грубкі пакуль не раім разбіраць”, – гаворыць Д. А. Дудкевіч.
Ларыса Кісялёва.
Надрукавана ў №24 (8890) ад 01.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *