К 9 мая на дома ветеранов прикрепили памятные таблички

Актуалии Общество

Тут жыве ветэран
Ідуць гады, старэюць нашы ветэраны, і сваё самае галоўнае свята – Дзень Перамогі – большасць з іх сустракалі дома пад наглядам родных. Але яны не засталіся без увагі і віншаванняў. Да ўсіх, хто 9 мая не змог прысутнічаць на ўрачыстасцях, напярэдадні з віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі завіталі прадстаўнікі ўлады, грамадскасці.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Лідзія Сямёнаўна Масько, Надзея Лук’янаўна Быкава, Міхаіл Аляксеевіч Іллюхін, Іван Мацвеевіч Кузьменка, якія жывуць у Шуміліне, гасцей сустракалі 6 мая.
Ад імя райвыканкама  кожнага з іх павіншаваў А. Ф. Мацвяйчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Алег Фёдаравіч пажадаў ветэранам здароўя і сіл, мірнага неба і квітнеючых садоў.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава выказала асаблівую ўдзячнасць сем’ям ветэранаў, якія атулілі клопатам сваіх гераічных бацькоў, дзядуляў і бабуляў.
З пачэснай місіяй завітала да ветэранаў і моладзь – у краіне разгарнулася грамадзянска-патрыятычная акцыя “Тут жыве ветэран”. Разам з актывістамі Беларускага фонду міру акцыю праводзілі валанцёры грамадскіх аб’яднанняў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Да дамоў, дзе жывуць ветэраны, яны прымацоўвалі памятныя таблічкі “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!”
На дом ветэрана Івана Мацвеевіча Кузьменкі таблічку прымацаваў яго ўнук капітан унутранай службы Іван Маскалькоў.
Жыццё ідзе. А значыць, ёсць каму працягваць святую дзедаву справу – любіць і абараняць сваю Радзіму.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №37 ад 13.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *