Жители Шумилино сами ремонтируют свои подъезды

Общество

Рамонт пад’езда: як, калі і за што?
Пад’езд у шматпавярховым доме –  не асабістая прастора кватэраздымшчыкаў, а хутчэй грамадская. Тым не менш, хочацца, каб і там было ўтульна. Бо пад’езд з аблупленай фарбай, рознымі драпінамі і надпісамі на сценах мала каго задавальняе.

Чамусьці большасць людзей займае пазіцыю “мая хата з краю” і спадзяецца на “добрага дзядзю”, які прыйдзе і пафарбуе. Але такі, як правіла, не знаходзіцца. Затое можна ўзяць сітуацыю ў свае рукі і стварыць амаль што цуд: зрабіць рамонт пад’езда.
Так зрабілі жыхары аднаго з пад’ездаў пяціпавярховага дома па вуліцы Шумілінскай. Усё пачалося з таго, што вырашылі сваімі сіламі прыбіраць лесвічныя пляцоўкі. Потым ушчыльную ўзяліся за навядзенне парадку:  вымылі дзверы, сцены, поручні.
Пасля замахнуліся на рамонт. Прыкінулі, колькі патрэбна грошай на фарбу і “скінуліся” па сто тысяч рублёў. Прызнацца, большасць жыльцоў з разуменнем аднеслася да гэтай акцыі. Купілі вапну, фарбу і прыняліся за рамонт.
З пабелкай сцен, шчыра кажучы, крыху змучыліся: белая эмульсія разляталася ва ўсе бакі. Але мужчыны ў першы вечар рамонту дастойна справіліся з гэтай нялёгкай задачай. У другі вечар суседзі зноў сабраліся разам, каб пафарбаваць сцены, дзверы, вокны, поручні, паштовыя скрыні. Працавалі дружна – да вечара пад’езд набыў зусім іншы выгляд.
У наступныя два вечары другі раз перафарбоўвалі сцены, фарбавалі плінтусы на лесвічных пляцоўках. Да вечара з палёгкай уздыхнулі: “Ну, усё! Няхай падсыхае!” Вось так за  чатыры вечары мы справіліся з рамонтам.
Суседкі сваімі сіламі вырашылі і надалей наводзіць прыгажосць: прымацаваць светлыя нумаркі на паштовыя скрыні, купіць і павешаць гардзіны на вокны,  вазоны з кветкамі прымацаваць да сцен. Ну, хаця б на летні час. Як аказалася, не ўсё так складана, як здаецца. Было б жаданне.
Думаецца, яно знойдзецца і ў жыхароў яшчэ многіх шматпавярховак райцэнтра. Бо, наколькі ведаю, шумілінскія пад’езды далёкія ад ідэалу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Каментарый спецыяліста
Аляксей Мікалаевіч Догель, галоўны інжынер УП ЖКГ:  “Згодна з пунктам 1.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 535 ад 31 снежня 2015 года “Прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг” рамонт у пад’ездах робіцца за кошт уласнікаў, наймальнікаў, арандатараў жылых памяшканняў. Вядома, рамонт могуць зрабіць і работнікі камунгасу, але за гэта прыйдзецца плаціць. Па папярэдніх падліках, рамонт пад’езда ў пяціпавярховым доме абыдзецца кожнаму гаспадару ў 700-800 тысяч рублёў”.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *