“Ад упэўненага старту – да поспеху новай пяцігодкі”

Актуалии Общество Президент Экономика

“Ад упэўненага старту – да поспеху новай пяцігодкі”
Выраз, вынесены ў загаловак, стаў ключавой тэмай Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Беларусі. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на наступных тэматычных блоках: задачы ў эканамічнай сферы, чалавечы капітал, удасканаленне кадравай палітыкі, задачы заканадаўчай галіны ўлады, прыярытэты знешняй і абарончай палітыкі. А. Р. Лукашэнка адзначыў, што пасланне акрэслівае задачы на бягучы год, пра доўгатэрміновыя перспектывы развіцця краіны размова пойдзе на пятым Усебеларускім народным сходзе.
Прэзідэнт вылучыў асноўныя асаблівасці сёлетняга года. І першая асаблівасць: 2016 год – пачатковы год чарговага пяцігадовага этапа развіцця беларускай дзяржавы. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы. Пагрозам нашай эканамічнай бяспекі мы павінны супрацьпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць, падкрэсліў кіраўнік Беларусі.
Другая асаблівасць года: парламенцкія выбары – важнае палітычнае мерапрыемства.
Трэцяя асаблівасць: 2016 год – Год культуры ў самым шырокім сэнсе. Акцэнт зроблены на мастацкай, творчай культуры, але варта надаваць увагу і іншым напрамкам: культуры земляробства і вытворчасці, быту і чалавечых адносін, уладкавання гарадоў і сёл, беражліваму захаванню гістарычнай спадчыны.
Менавіта пра гэта ішла размова на мінулым тыдні падчас сустрэч інфармацыйна-прапагандысцкіх груп аблвыканкама і райвыканкама ў працоўных калектывах.
*   *   *
Група, якая ўключала прадстаўнікоў абласных службаў, наведала ААТ “Лаўжанскае”.  Старшыня райвыканкама А. І. Снараў напачатку сустрэчы расказаў пра асноўныя палажэнні Паслання Прэзідэнта, акцэнтаваў увагу на асаблівасцях сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна. Нягледзячы на сітуацыю, у раёне працягваюць развівацца прадпрыемствы, ствараюцца і пашыраюцца прыватныя арганізацыі. Вядзецца мадэрнізацыя, якая дазваляе вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю. Развіваецца і сацыяльная сфера: вядзецца будаўніцтва жылога дома ў райцэнтры, запланаваны капітальны рамонт жылля і інжынерных сетак, на завяршальным этапе знаходзіцца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу, вядзецца аптымізацыя сетак устаноў адукацыі і культуры.
Асаблівую ўвагу кіраўнік раёна звярнуў на сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Сітуацыя ў “Лаўжанскім” далёкая ад ідэальнай. Аляксандр Іванавіч пераканаўча паказаў, што толькі агульная зацікаўленасць усіх работнікаў прадпрыемства можа даць станоўчы эфект, дазволіць павялічыць аб’ёмы прадукцыі, палепшыць фінансавы стан сельгаспрадпрыемства, забяспечыць своечасовую выплату заробкаў.
Намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Ю. А. Рагуцёнак, намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ж. В. Алейнікава, намеснік дырэктара фонду “Віцебскаблмаёмасць” В. В. Зайцаў, намеснік дырэктара “Дзяржбуднагляду па Віцебскай вобласці” А. А. Зуеў, якія ўваходзілі ў інфармацыйную групу аблвыканкама, расказалі пра сітуацыю ў вобласці па сваіх накірунках дзейнасці.
*   *   *
Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама А. І. Снараў, наведала Обальскую СШ.
Кіраўнік раёна таксама распавёў размову пра Пасланне Прэзідэнта праз пытанні і праблемы развіцця Шумілінскага раёна. Была закранута і сітуацыя ў г. п. Обаль – пасёлак поўнасцю залежыць ад работы керамічнага завода, на якім на фінішную прамую выйшлі пусканаладачныя работы на новым абсталяванні. Абноўлены цэх павінен даць прадпрыемству другое дыханне, стварыць аснову для далейшай мадэрнізацыі завода. Старшыня райвыканкама выказаў падзяку ўсім жыхарам Обалі, якія з разуменнем аднесліся да сітуацыі і цярпліва чакалі ўвесь час, пакуль ішла мадэрнізацыя прадпрыемства.
У шчырай размове, якая адбылася з калектывам школы, былі закрануты многія праблемы. Перад педагогамі і работнікамі школы выступілі дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро, галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў, намеснік начальніка РАНС Р. Л. Жук.
*   *   *
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай правяла сустрэчу з калектывам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У сваім выступленні Ірына Мікалаеўна таксама зрабіла акцэнт на ключавых аспектах Паслання Прэзідэнта краіны, расказала пра асаблівасці бягучага года. Пазнаёміла з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у раёне, першапачатковымі задачамі, якія стаяць перад уладамі – зніжэнне выдаткаў у вытворчасці і рэалізацыі ўсіх відаў прадукцыі на 25%, стварэнне новых працоўных месцаў. На 2016 год, адзначыла І. М. Новікава, пастаўлена задача стварыць у раёне 22 новыя рабочыя месцы, у асноўным на прадпрыемствах прыватнага сектара эканомікі.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч расказаў пра аптымізацыю ўстаноў адукацыі і эканомію сродкаў; начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Ю. Р. Маскалькоў – пра асноўныя задачы, якія сёлета ўвасабляюць у жыццё сувя-зісты раёна.
Напрыканцы сустрэчы І. М. Новікава падзякавала работнікам РАНС за іх сур’ёзную мэтанакіраваную работу па прафілактыцы і прадухіленні пажараў і надзвычайных сітуацый, пажадала мужнасці, адвагі і здароўя.
Работнікі калектываў пасля правядзення сустрэч мелі магчымасць задаць пытанні кіраўнікам раённых службаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *