На заседании Шумилинского райисполкома подвели итоги работы за 2011 год: из 24 параметров социально-экономического развития выполнены только 2

Актуалии Президент

Здание Шумилинского райисполкома ночью

Спрацавалі са стратамі ў 6 мільярдаў
Выкананне прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту раёна за 2011 год, работа са зваротамі грамадзян і іншыя надзённыя пытанні былі разгледжаны 30 студзеня на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Пасяджэнне, на якое былі запрошаны кіраўнікі раённых службаў, арганізацый, прадпрыемстваў, у тым ліку і прыватнай формы ўласнасці, правёў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Удзел у мерапрыемстве прыняла дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Падаляк.
Вынікі работы раёна за мінулы год старшыня райвыканкама ахарактарызаваў коратка: раён спрацаваў са стратамі ў 6 мільярдаў рублёў, і з такога “выніку” трэба рабіць сур’ёзныя вывады.
Уладзімір Пятровіч паставіў задачу давесці да канца года вытворчасць прадукцыі да 180-200%. Калі гэтая задача акажацца пасільнай, то рэальна будзе весці размову пра сярэднюю зарплату да канца года ў 4,8—5 мільёнаў рублёў, рэальна будзе спадзявацца, што людзі перастануць выязджаць за межы раёна і Беларусі ў пошуках лепшых заробкаў.
Пакуль жа, як далажыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Г. П. Іваненка, у 2012 год Шумілінскі раён выйшаў з двума (з 24-х) выкананымі параметрамі сацыяльна-эканамічнага развіцця – па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгаспрадпрыемствах і па экспарту паслуг.
Не выкананы заданні па аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, па росту аб’ёму экспарту і зніжэнні імпарту тавараў, па аб’ёму рознічнага тавараабароту, рэалізацыі платных паслуг насельніцтву, росту аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал, заданне па будаўніцтву жылля, па энергазберажэнні, па ўзроўні сярэдняй заработнай платы, па колькасці занятага насельніцтва і некаторыя іншыя параметры.
Да прыкладу. Па выніках работы за студзень-лістапад 2011 года Шумілінскі льнозавод спрацаваў са стратамі ў 1,2 мільярда рублёў, Обальскі керамічны завод – у 19,4 мільярда.
Па выкананні бюджэту раёна за 2011 год праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. Яна адзначыла, што ва ўсе ўзроўні бюджэту за мінулы год паступіла 40,7 мільярда рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі – 10,3 мільярда, у абласны – 1,4 мільярда, у раённы – 29 мільярдаў. Даходная частка бюджэту раёна выканана на 101,7%. Расходы бюджэту раёна асвоены за 2011 год у суме 86,2 мільярда рублёў. 33,6% усіх расходаў прафінансавана за кошт уласных даходаў, 60,6% – за кошт бязвыплатных паступленняў, 5,8% – за кошт крэдытаў.
У мінулым годзе, падкрэсліла Алена Савельеўна, была захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту: 63,7% усіх расходаў патрачана на ўтрыманне ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы, на мерапрыемствы па сацыяльнай палітыцы і падтрымцы насельніцтва.
На пасяджэнні райвыканкама былі заслуханы кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, якія не справіліся з даведзенымі параметрамі ў 2011 годзе. Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад кожнага з іх прыняцця канкрэтных мер па выхаду на стабільную работу ў 2012 годзе. Гэта акрэслена і ў прынятым па першым пытанні рашэнні райвыканкама.
Сярод пытанняў, якія пастаянна знаходзяцца ў полі зроку раённай улады, — работа са зваротамі грамадзян, рэалізацыя Дырэктывы Прэзідэнта №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”. Інфармацыю па гэтым пытанні падала намеснік кіраўніка спраў райвыканкама Л. І. Казаравец.
Са справаздачай аб рабоце Шумілінскай райплемстанцыі быў заслуханы яго кіраўнік А. А. Казьмін.
Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны Шумілінскага раёна на 2012-2015 гады прадставіў начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук.
Пасля разгляду ўсіх пытанняў, вынесеных на парадак дня, перад прысутнымі выступіў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў. Галоўная тэма яго выступлення – бяспека. Бяспека на вытворчасці, у быце, на вуліцы. Тэма асабліва актуальная падчас такога рэзкага зніжэння тэмпературы. Тут, як падкрэсліў пракурор, асаблівая адказнасць кіраўнікоў раённых службаў, арганізацый за бесперабойную работу ўсіх аб’ектаў, за пажарную бяспеку і бяспеку на рабочым месцы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *