Металлолом как источник дополнительного дохода

Экономика

Грошы зноў жа не лішнія
Сёлета “Шумілінскі райаграсэрвіс”  паспеў здаць на “Другасчэрмет” у Віцебск 42 тоны металалому, гэта больш паловы даведзенага плана.
“Прызнацца, нават і не думалі, што знойдзем столькі непатрэбнага чэрмету, калі наводзілі парадак у майстэрні, – гаворыць галоўны інжынер райаграсэрвісу В. В. Масько. – На металалом пайшлі  непатрэбныя дэталі, старыя рамы ад трактароў з мехдвара ў Светласельскім. Цяпер будзем брацца за навядзенне парадку ў майстэрнях у Пабедзе і Добрыне”. Дарэчы, райаграсэрвіс  на металаломе зарабіў больш за дзесяць мільёнаў рублёў.
Прыкладна па восем тон металалому здалі сёлета “Прыдзвінскі”, “Сіроцінскі” і “Лаўжанскае”. У астатніх гаспадарках, па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу па механізацыі А. І. Мясаедава, пакуль зацішша. Тым не менш, кожны год на сельгаспрадпрыемствах спісваецца тэхніка, сапсаваныя запчасткі ад яе часам толькі займаюць месца.
“Гэта праўда, – згаджаецца галоўны інжынер “АграБаравінкі” Л. Ф. Клімушэўскі. – Нядаўна пачысцілі свае “засекі” – атрымалася сем тон металалому”.
Металалому хапае ў кожнай гаспадарцы. “Напрыклад, у былым кармацаху ў Лявонаве, – нагадвае А. І. Мясаедаў маладому інжынеру з “Ульскага”. – І ў майстэрні ў Кардоне даўно стаіць няспраўны КЗС-10. Напэўна, і ва ўсіх іншых гаспадарках раёна знойдуцца сапсаваныя рухавікі, спісаныя трактары. Так што здаць 770 тон металалому (менавіта такі план сёлета даводзіцца раёну)  рэальна”.
Што на металаломе можна зарабіць нядрэнныя грошы – даўно зразумелі ў школах. За мінулы год, як расказаў начальнік гаспадарчай групы аддзела адукацыі А. А. Ціханенка, перавыканалі даведзены план па здачы металалому – сабралі яго 127,6 тоны. Асабліва пастараліся ў Обальскай школе – 49 тон лому.  “Збіралі яго за мясцовымі гаражамі, у лесе, – выдае “сакрэт” дырэктар Обальскай школы А. М. Штокін. – За кошт металалому папоўнілі свой спецрахунак больш як на дзесяць мільёнаў рублёў.  А ў гэтым годзе распрацавалі ўмовы спаборніцтваў паміж класамі”.
Дарэчы, металалом могуць здаваць не толькі прадпрыемствы і арганізацыі, але і жыхары раёна. Напрыклад, сёлета ў райспажыўтаварыства грамадзяне здалі амаль сорак тон чэрмету. “Мы прымаем толькі бытавы металалом”, – папярэджвае эканаміст райспажыўтаварыства Г. С. Шпыркіна. З прамысловым металаломам, які ў большасці выпадкаў бывае крадзеным, у нарыхтоўчыя магазіны лепш не прыходзіць .
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №27 ад 12.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *