На заседании Шумилинского райисполкома рассмотрены вопросы подготовки к зиме

Актуалии Президент Экономика

Падрыхтоўка да зімы і нарыхтоўка кармоў

На пасяджэнні райвыканкама, якое ў мінулую сераду правёў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, былі падведзены вынікі прайшоўшага ацяпляльнага перыяду і вызначаны задачы па падрыхтоўцы камунальнай службы і арганізацый раёна да зімы 2017/2018 гг., а таксама вызначаны задачы сельскагаспадарчых арганізацый раёна па корманарыхтоўцы.
Намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў, які выступаў па першым пытанні, адзначыў, што праведзеныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы дазволілі своечасова пачаць ацяпляльны перыяд у мінулым годзе і забяспечыць яго стабільнае правядзенне. Разам з тым, сказаў Алег Пятровіч, у асобных выпадках назіралася аўральная і няякасная работа па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду. У прыватнасці, камісіям прадстаўляліся аб’екты з пашкоджанай цеплаізаляцыяй, няспраўнай аўтаматыкай рэгулявання, без правераных цеплавых лічыльнікаў.
За прайшоўшы зімовы сезон было выдаткавана 5052 тыс. кубаметраў газу (+37,3% да перыяду 2015/2016 гг.) з-за большай працягласці ацяпляльнага перыяду і больш нізкіх тэмператур навакольнага паветра. Доля мясцовых відаў паліва ў агульным спажыванні склала 52,1% пры заданні – 58%. Вытворчасць цеплавой энергіі вырасла на 11,3% і склала 64,2 тысячы Гкал, рэалізацыя павялічылася на 12,9%. Сабекошт рэалізацыі 1 Гкал энергіі склаў 84,9 рубля, у тым ліку: на прыродным газе – 87,5 руб, на шчапе – 80,6 руб, на дрывах – 80,5 руб.
Дакладчык прадставіў падрабязны аналіз падрыхтоўкі і правядзення ацяпляльнага перыяду па асноўных арганізацыях і прадпрыемствах раёна.
Былі вызначаны асноўныя задачы арганізацый раёна па своечасовай і якаснай падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага перыяду: правядзенне неабходных рамонтаў цеплавых сетак і абсталявання, іх прамыўка і выпрабаванне і іншае.
Так, УП ЖКГ у рамках падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду неабходна правесці рамонт 3100 м стыкаў сценавых панеляў, адрамантаваць 6850 кв. м дахаў у Шуміліне, Обалі, Мікіцісе, Слабадзе, Дабеі, Сураўнях і Кардоне. Правесці рамонт ацяплення жылых дамоў у Шуміліне. За кошт сродкаў абласнога бюджэту неабходна замяніць 3 км цеплавых сетак ПІ-трубой (Мішкавічы, Обаль, Шуміліна). За кошт уласных сродкаў правесці рамонт цеплапунктаў, цеплаабменнікаў, цеплаізаляцыі, пабудаваць два навесы для захоўвання паліва і выканаць іншыя работы па падрыхтоўцы да зімы.
Да пачатку ацяпляльнага перыяду плануецца стварыць запасы паліва: 25 тыс. кубаметраў дроў, 24 тыс. кубаметраў шчапы. Старшыня райвыканкама паставіў задачу перад Шумілінскім лясгасам поўнасцю забяспечыць дрывамі і шчапой патрэбы арганізацый раёна ў мясцовых відах паліва.
Пры абмеркаванні пытання былі заслуханы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, кіраўнікі асобных арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Выступіў начальнік раённай інспекцыі “Энерганагляду” Яўген Лебедзеў, які пазнаёміў з умовамі і графікам правядзення прыёмкі аб’ектаў інспектарамі “Энерганагляду”.
У прынятым рашэнні вызначаны асноўныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы арганізацый раёна да ацяпляльнага перыяду 2017/2018 гг, вызначаны тэрміны выканання і адказныя асобы.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталь Коваль вызначыў асноўныя задачы, якія стаяць перад сельгасарганізацыямі раёна па забеспячэнні грамадскага статку кармамі на наступны зімовы стойлавы перыяд. Трэба нарыхтаваць не менш за 30 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, агульны аб’ём кармоў складзе 47,8 тыс. тон к.а. Гэта значыць, што гаспадаркам раёна трэба нарыхтаваць не менш за 5100 тон сена, па 89 тысяч тон сенажу і сіласу. Для стварэння трывалай кармавой базы плануецца падсеяць 5420 га шматгадовых траў, закласці 550 га шматгадовых пашаў інтэнсіўнага тыпу, пасеяць 2850 га кукурузы і 2140 га аднагадовых траў.
Першым укосам запланавана скасіць 11567 га і нарыхтаваць 27368 тон к.а. Для забеспячэння тэхналагічнага працэсу па нарыхтоўцы кармоў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна маецца 22 кормаўборачныя камбайны, 34 касілкі, 21 граблі-варушылка, 19 прэс-падборшчыкаў, 43 трактарныя прычэпы, гатоўнасць тэхнікі складае 45-79%. Для завяршэння рамонту тэхнікі неабходна 250 тысяч рублёў, яшчэ 920 тысяч патрэбны для закупкі неабходнага паліва.
“Як паказваюць разлікі, толькі пры правільнай арганізацыі работ, захаванні ўсіх тэхналагічных параметраў, своечасова падрыхтаванай тэхніцы можна правесці ўборку траў першага ўкосу за 15-20 дзён”, – падкрэсліў Віталь Коваль.
Былі заслуханы кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак раёна, у якіх дапускаецца замаруджванне з рамонтам корманарыхтоўчай тэхнікі.
Прынятым рашэннем зацверджаны асноўныя параметры і рабочы план па нарыхтоўцы кармоў у 2017 годзе.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №39 ад 23.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *