Беларусбанк празднует 90-летие

Актуалии Общество Экономика

Банк-эпоха, банк № 1
Буйнейшы банк краіны – акцыянерны ашчадны банк “Беларусбанк” – адзначае ў гэтыя дні 90 год з дня свайго заснавання. Юбілейныя ўрачыстасці з такой нагоды прайшлі ў мінулую пятніцу ў ГДК. Тут сабраліся работнікі цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 г. п. Шуміліна, ветэраны банка, кліенты і сябры.
Пачалося мерапрыемства з дэманстрацыі кінафільма пра гісторыю з’яўлення і станаўлення Беларусбанка – банка-эпохі, буйнейшага фінансава-крэдытнага інстытута, першапраходца ў банкаўскай сферы.
За сваю гісторыю банк перажыў нямала: час калектывізацыі, развіццё ашчаднай справы ў 30-х, іспыты Вялікай Айчыннай вайной, пасляваеннае аднаўленне. Сапраўднае развіццё банка пачалося ў 1995 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Ашчадбанка Рэспублікі Беларусь і акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк” у адкрытае акцыянернае таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Наступіла эпоха росквіту.
Сёння Беларусбанк – сапраўдны лідар, банк № 1 па сваіх маштабах, памерах актываў і капіталу. Звыш 50% насельніцтва карыстаецца паслугамі банка. 1788 аддзяленняў, 37 філіялаў, 97 цэнтраў банкаўскіх паслуг, 187 абменных пунктаў – да такой лічбы прыйшоў банк за 90 год сваёй работы. На дасягненнях банкіры не спыняюцца, укараняюць перадавое, сучаснае, прапануюць усе віды банкаўскіх паслуг. На працягу дзевяці дзесяцігоддзяў мянялася тактыка, але нязменнай заставалася стратэгія – працаваць на карысць краіны і чалавека.
Важкі ўклад у агульны вынік і памнажэнне аўтарытэту Беларусбанка ўносіць і калектыў цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 г. п. Шуміліна. Дырэктар установы А. В. Паўлючэнка з гонарам адзначае, што вось ужо чацвёрты год запар банк утрымлівае за сабой высокае званне банка № 1 у Беларусі. Аляксандр Васільевіч у сваім выступленні спыніўся на асноўных гістарычных датах развіцця ашчадбанка, нагадаў, што 1 студзеня 1947 года тады яшчэ ў Сіроцінскім раёне аднавіла сваю работу ашчадкаса № 2750, выказаў падзяку былым кіраўнікам і работнікам, сённяшняму калектыву за плённую работу, пажадаў усім працвітання.
На ўрачыстасці завіталі госці з Віцебска. Выступіла намеснік старшыні аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі па Віцебскай вобласці, старшыня каардынацыйнага савета філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення Беларусбанка С. А. Шклейнік. Па даручэнню абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва яна ўручыла Падзяку філіяла галоўнаму спецыялісту С. Г. Гумінскай, Ганаровую грамату філіяла – намесніку дырэктара В. Ю. Масько. Вольга Юр’еўна, як прафсаюзны лідар, атрымала і юбілейную грамату ад абласнога прафсаюза, такую ж грамату, але рэспубліканскага маштабу, атрымаў і дырэктар А. В. Паўлючэнка.
На сцэне – намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў. Віктар Віктаравіч ад імя кіраўніцтва раёна павіншаваў банкіраў з ганаровым юбілеем, уручыў Падзяку старшыні райвыканкама спецыялісту В. І. Карнаковай.
Пасля былі яшчэ граматы і падзякі ад цэнтра банкаўскіх паслуг. Іх уручаў сваім работнікам кіраўнік. Адзначыў А. В. Паўлючэнка дастойную работу С. К. Чаплінскай, А. В. Філіпавай, А. І. Васілевіч, Н. М. Васільевай, Л. П. Пушновай, В. Л. Матушковай.
22 гады кіраваў Ашчадбанкам Васіль Лазаравіч Прышчэпаў, а наогул аддаў банку каля 40 год. Зараз ён у сталым узросце, але не змог не прыйсці на ўрачыстасці. І нават выступіў з успамінамі. Дапоўніла яго яшчэ адзін ветэран банка Марыя Іванаўна Пятрова.
На юбілей звычайна прыходзяць госці, пераважна сябры, і прыходзяць з падарункамі. У шумілінскага банка такіх сяброў шмат, яны ўдзячны за падтрымку і разуменне. З віншаваннямі і падарункамі завіталі на вечарыну кіраўнікі УП ЖКГ, ПМС, «Карына-гандаль», СФГ “Раднік”, прадстаўнікі ад ОКЗ.
Годны падарунак зрабіў Беларусбанку і калектыў гарадскога Дома культуры, які падрыхтаваў і правёў святочнае мерапрыемства.
Урачыстасці з нагоды 90-годдзя Беларусбанка прадоўжацца да канца года. У пачатку снежня пройдуць абласныя мерапрыемствы, а напрыканцы месяца ў Мінску Беларусбанк – банк, які прайшоў доўгі шлях ад звычайнай ашчаднай касы да буйнейшага банка краіны – наладзіць асноўнае свята.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №94 ад 27.11.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *