В Ковляковском сельсовете прошли встречи представителей власти с населением

Актуалии Власть Сельское хозяйство

Турбуе стан дарог і парадак у вёсцы
Тры дні  – з 5 па 7 красавіка – на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета ў рамках Дня работы з насельніцтвам праходзілі сходы, сустрэчы і падворныя абходы. У прыватнасці, у сераду рабочая група, якую ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, працавала ў аграгарадку Крывое Сяло, вёсках Новае Сяло, Курылаўшчына, Палячкі, Гаравыя, Альшанікі.
З жыхарамі Крывога Сяла сустрэча прайшла ў актавай зале сельвыканкама. “Каўлякоўскі сельсавет – своеасаблівы, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. – На яго тэрыторыі знаходзіцца самая вялікая колькасць населеных пунктаў – 41, пры тым, што пражывае самая меншая колькасць насельніцтва – 678 чалавек. Шмат на тэрыторыі савета пражывае дачнікаў – 245 чалавек.  Прыемна адзначыць, што на Каўлякоўшчыне ў адрозненне ад іншых сельсаветаў колькасць домаўладанняў, якія трымаюць жывёлу, павялічылася за год на 43”. Старшыня райсавета пазнаёміла з тымі пытаннямі і праблемамі, якімі жыве раён і сельсавет.
Каўлякоўскі сельсавет – і самы спакойны ў плане крымінагеннасці, падкрэсліў у сваім выступленні  начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка. Хаця вяскоўцы ўсё адно прасілі большай увагі з боку ўчастковага. Аляксандр Рыгоравіч патлумачыў, што ўчастковы працуе на два сельсаветы. А вось выдзеліць асобнага ўчастковага немагчыма, у РАУС ідзе аптымізацыя кадраў.
Зараз у рэспубліцы, і ў раёне ў тым ліку, праходзіць акцыя “За бяспеку – разам!”, мэта якой – прафілактыка і прадухіленне травяных палаў, расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч. У гэтай сувязі ладзяцца сустрэчы і гутаркі, выступленні ў СМІ, раздаюцца лістоўкі.
Тым не менш, начальнік РАНС вельмі занепакоены сітуацыяй з травянымі паламі ў нашым раёне, бо кожны дзень выратавальнікі вымушаны выязджаць па некалькі дзясяткі разоў на ўзгаранні. Толькі на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета за апошні час былі аштрафаваны за падпалы сухой травы два чалавекі. Мінімальная сума штрафу за падобны “ўчынак” – 2 млн. 100 тыс. рублёў.
У сваю чаргу вяскоўцы ўзнялі перад прадстаўнікамі ўлады праблемныя пытанні: стан дарог, добраўпарадкаванне аграгарадка, пад’езд да грамадзянскіх могілак у вёсцы Стралкі. Адна жанчына папрасіла вырашыць пытанне набыцця ў растэрміноўку ці ў крэдыт газавых пліт. Справа ў тым, што нядаўна газавікі мянялі ёй газавы балон і папярэдзілі, што ў наступны раз, калі яна не заменіць старую пліту, адмовяць ёй у гэтай паслузе. Новая пліта каштуе каля 4 мільёнаў. Дзе так хутка можна знайсці грошы вяскоўцу?
У Новым Сяле людзі прасілі падзякаваць аўталаўшчыку Сяргею Масько за сумленную і якасную работу, жыхары Гаравых – паспрыяць хутчэйшаму адкрыццю магазіна ў Полькавічах і наладзіць належнае медыцынскае абслугоўванне.
У гэты дзень рабочая група наведала мнагадзетныя сем’і, сем’і, якія стаяць на рознага роду ўліках, абавязаных асоб.
На наступным этапе ў рамках Дня работы з насельніцтвам у Каўлякоўскім сельсавеце пройдзе Дзень прафілактыкі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *