150 год вакзалу ў Шуміліне

Актуалии Край шумілінскі

150 год вакзалу ў Шуміліне

Жыццё дала чыгунка
Чыгунка – вялікае вынаходніцтва чалавецтва. Яна сціснула адлегласць і час,  звязала гарады і краіны. Падарожжы, якія расцягваліся раней на тыдні і месяцы, сталі займаць гадзіны і дні. Чыгункі паспрыялі развіццю новых галін прамысловасці, далі жыццё гарадам і пасёлкам. Здаецца, яны былі спрадвеку. Але ім усяго крыху больш за 200 гадоў.
Беларуская чыгунка і таго маладзей – у 2012 годзе яна адсвяткавала сваё 150-годдзе. А сёлета, у 2016 годзе, 150 год спаўняецца чыгунцы, якая злучыла Полацк і Віцебск, на якой каля вёскі Шуміліна з’явілася станцыя Сіроціна. Вёска і станцыя выраслі, ператварыліся ў мястэчка, потым у гарадскі пасёлак. Чыгуначныя станцыі Сіроціна, Обаль, Лоўша, Язвіна актывізавалі эканамічнае жыццё ў наваколлі. Менавіта чыгунка змяніла дарожную сетку ў акрузе, як магніт, прыцягнула дарогі да станцыі Сіроціна. Нават старадаўні буйны шлях з Полацка да Віцебска, які праходзіў уздоўж Заходняй Дзвіны, змясціўся бліжэй да чыгункі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што без чыгункі не было б цяпер і Шумілінскага раёна, бо без чыгункі не ўзнік бы ягоны цэнтр.

Чыгунка “да карчмы”
Гісторыя чыгункі пачалася  ў XVIII стагоддзі, калі на рудніках, шахтах пачалі будавацца рэйкавыя лініі спачатку на коннай, а потым на паравой цязе. Першая чыгунка агульнага карыстання Стоктан-Дарлінгтан (Вялікабрытанія) на паравознай цязе была адкрыта 27 верасня 1825 года.
У Расіі першую чыгунку з паравозам уласнай канструкцыі пабудавалі механікі бацька і сын Яфім і Мірон Чарапанавы ў 1834 годзе на Ніжнетагільскім заводзе на Урале. Але сапраўдная публічная чыгунка была адкрыта 30 кастрычніка 1837 года. Ініцыятарам яе будаўніцтва стаў аўстрыйскі інжынер Франц фон Герстнер. Ідэя сустрэла моцнае супраціўленне з боку многіх высокапастаўленых чыноўнікаў, але пераканаўчым аргументам для імператара Мікалая I стала магчымасць хуткай транспарціроўкі войск.
27-кіламятровая дарога злучыла Санкт-Пецярбург з загараднымі царскімі рэзідэнцыямі ў Царскім Сяле і Паўлаўску. На канцавой станцыі ў Паўлаўску была пабудавана вялікая канцэртная зала (вакзал) з рэстаранам. Чыгунка стала папулярнай у сталічнай публікі, якая адпраўлялася за горад з мэтай пазабавіцца і адпачыць. Гэта дало падставу праціўніку будаўніцтва міністру фінансаў Канкрыну пажартаваць: “У іншых дзяржавах чыгункамі звязваюць прамысловыя пункты, а ў нас яе пабудавалі ў карчму”.

Рукамі беларускіх сялян
У XIX стагоддзі лідарам чыгуначнага будаўніцтва сталі ЗША, таму ў 1839 годзе інжынеры шляхоў зносін Павел Мельнікаў і Мікалай Крафт камандзіруюцца ў гэту краіну, каб вывучыць вопыт чыгуначнага будаўніцтва ва ўмовах, падобных да расійскіх. Станавілася зразумела, што будаўніцтва чыгуначных ліній – жыццёвая неабходнасць. Адмоўнае стаўленне міністраў да чыгуначнага будаўніцтва вымусіла Мікалая I у 1842 годзе ўмяшацца ў справу асабіста. Быў заснаваны Асобны камітэт на чале з цэсарэвічам Аляксандрам і падпісаны ўказ аб будаўніцтве чыгункі Санкт-Пецярбург – Масква, 11 жніўня 1842 года быў створаны Дэпартамент чыгунак, будаўніцтва чыгункі ўзначалілі Мельнікаў і Крафт.
На ўзвядзенні чыгуначнага палатна выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян, якіх наймалі (да 40 тысяч чалавек штогод) пераважна ў Віцебскай і Віленскай губернях. Інжынер В. А. Панаеў, які асабіста ўдзельнічаў у будаўніцтве, пісаў: “Гэта быў самы няшчасны народ на ўсёй рускай зямлі, які падобны больш не да людзей, а да рабочай жывёлы, ад якой патрабавалі ў працы нечалавечых сіл без усялякай, можна сказаць, узнагароды”.
Адкрыццё лініі адбылося 1 лістапада 1851 года.

“Шумілінская” чыгунка: з Дынабурга  ў Віцебск
Упраўленне чыгунак на чале з П. П. Мельнікавым распрацавала прапановы па будаўніцтве першачарговых чыгунак: пад першым нумарам была чыгунка Санкт-Пецярбург – Варшава, а пад другім – Рыга – Арол праз Віцебск і Смаленск.
15 снежня 1862 года адкрыты рух па Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгунцы, якая праходзіла праз Гродна. Менавіта гэтая дата лічыцца днём нараджэння Беларускай чыгункі.
Віцебск стаў другім беларускім губернскім горадам, праз які прайшла чыгунка. Чыгунка з Рыгі да Арла была ў ліку прыярытэтных, бо яна злучала балтыйскія парты з асноўнымі сельскагаспадарчымі рэгіёнамі Расіі і дазваляла хутка і ў вялікіх аб’ёмах вывозіць галоўны экспартны тавар – збожжа.
Будаўніцтва Рыга-Дынабургскай чыгункі ініцыяваў Рыжскі біржавы камітэт, які для правядзення праектных і вышуковых работ запрасіў швейцарскага інжынера Гонзебача. Меркавалася пракласці дарогу па левым беразе Заходняй Дзвіны: праз Мітаву да Дынабурга з перспектывай будаўніцтва на Лепель, Сянно і Оршу. У такім выпадку, без чыгункі, Шуміліна засталося б звычайнай маленькай вёсачкай. Але па стратэгічных меркаваннях гэты напрамак быў прызнаны недапушчальным і дарогу пачалі праектаваць па правым беразе. Рух цягнікоў на чыгунцы Рыга – Дынабург (з 1893 г. – Дзвінск, цяпер – Даўгаўпілс) быў адкрыты 12 верасня 1861 года. У красавіку наступнага года былі ўведзены пераходныя пуці на Пецярбургска-Варшаўскую чыгунку, і паўстала пытанне прадаўжэння будаўніцтва да Віцебска.
18 сакавіка 1863 года галоўны кіраўнік шляхоў зносін і грамадскіх будынкаў генерал-лейтэнант П. П. Мельнікаў пісаў у Кабінет міністраў пра прапанову лонданскага банкірскага дома Фрулінг і Гешан па будаўніцтву чыгункі ад Дынабурга да Віцебска (242 вярсты). Праект прадугледжваў будаўніцтва двух участкаў дарогі – Дынабург-Полацк і Полацк-Віцебск за шэсць гадоў. Брытанская кампанія з капіталам 2,6 мільёна фунтаў стэрлінгаў атрымала права карыстацца дарогай на працягу 87 гадоў, пасля чаго павінна была перадаць яе ў казну.
Будаўніцтва чыгункі ў адзін пуць пачалося ў ліпені 1863 года і вялося англійскімі інжынерамі. Курыраваў будаўніцтва і прымаў дарогу ў эксплуатацыю першы расійскі міністр шляхоў зносін П. П. Мельнікаў. 24 мая (5 чэрвеня) 1866 года быў уведзены ўчастак чыгункі да Полацка, а ў кастрычніку таго ж года адкрыты рух да Віцебска.
Гэта дазваляла працягнуць будаўніцтва чыгункі ўглыб імперыі. У 1865 го-дзе англічаніну Мортану Піто была зацверджана канцэсія на Арлоўска-Віцебскую чыгунку, але яму не ўдалося сабраць дастатковы капітал. 21 сакаві-ка 1867 года права будаўніцтва было перададзена земству Арлоўскай губерні. Тэрмін будаўніцтва вызначаны ў тры гады, тэрмін уладання – 85 гадоў. 10 кастрычніка 1868 года адкрыты рух да Рослаўля, а 14 лістапада таго жа года – да Арла.
Такім чынам, дарога складалася з трох прыватных чыгунак, кожная пад сваім кіраваннем. Прычым Дынабургска-Віцебская чыгунка поўнасцю належала замежнай кампаніі, праўленне якой месцілася ў Лондане і дзейнічала на падставе англійскіх законаў. У 1894 годзе чыгункі выкупіла казна, і з 1 сту-дзеня 1895 года тры чыгункі былі аб’яднаны ў адзі-ную Рыга-Арлоўскую чыгунку. У 1898 годзе на чыгунцы былі пабудаваны другія пуці, і яна стала двухпутнай на ўсёй працягласці за выключэннем участка Смаленск – Бранск.
У 1871 годзе ўведзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1898 годзе пачалося будаўніцтва дарогі ад Віцебска на Дно і Санкт-Пецярбург (уведзена ў 1904 годзе). У 1899-1902 гадах пабудавана Віцебска-Жлобінская чыгунка, якая злучыла Віцебск з асноўнымі чыгуначнымі шляхамі Беларусі.
(Заканчэнне будзе.)
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *