На парозе лета – трывожна

Безопасность Общество

На  парозе  лета  –  трывожна
Вядома, што ў дзяцей ужо амаль наступіўшае лета выклікае адназначна станоўчыя асацыяцыі. Дарослыя таксама радуюцца побач з імі, але час, які вызваляецца ад неабходнасці наведваць школу, не можа іх не трывожыць. Асаблівую заклапочанасць праяўляюць прадстаўнікі праваахоўных органаў, пажарнай службы – ім жа, як нікому, вядома, чым можа закончыцца такая свабода.
Для таго, каб яшчэ раз звярнуць увагу бацькоў і дзяцей на неабходнасць быць асцярожнымі, па распараджэнні кіраўніка раёна А. І. Снарава ў школах і дзіцячых садах прайшлі бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў РАУС і РАНС.
25 мая інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва і Анастасія Снарава, супрацоўнікі РАНС Ларыса Лінкевіч і Уладзіслаў Салабута правялі сустрэчы ў Сіроцінскай і Слабадской школах і ў яслях-садзе №3 г. п. Шуміліна.
Гаварылі, літаральна, пра ўсё, маючы на ўвазе тое, што бяда, як правіла, прыходзіць адтуль, адкуль яе менш за ўсё чакаеш. Для большай пераканаўчасці прыводзілі страшныя гісторыі, у якія траплялі дзеці. Многія з іх закончыліся трагічна. У мінулым годзе загінула 149 дзяцей – гэтая лічба не здольная пакінуць некага раўнадушным. А тое, што ў трагедыях, якія здараюцца з дзецьмі, заўжды вінаватыя бацькі, яшчэ раз пацвердзіла народную мудрасць, што беражонага і бог беражэ. Дзеці гінуць менавіта ў тую самую “на хвіліначку”, калі застаюцца адны. Яны падстаўляюць крэслы і вывальваюцца з вокнаў; яны “ядуць” батарэйкі, лекі, іншыя хімікаты, спрабуюць на смак бензін; яны раскладваюць вогнішчы, “гуляюць” з боепрыпасамі, гушкаюцца на высакавольтных правадах. Яны здатныя “вынаходзіць” новыя і новыя спосабы заняць свой вольны час, калі дарослыя не возьмуць на сябе гэты клопат.
Дзеці павінны быць занятыя і заўжды пад наглядам. Гэта правіла, якое пазбавіць дарослых ад горкіх слёз і перажыванняў тады, калі ніхто дапамагчы ўжо не зможа. Не трэба грэбаваць такім даступным любому з бацькоў спосабам паўплываць на свядомасць дзіцяці, як гутарка. З дзецьмі варта размаўляць, тлумачыць ім небяспечнасць тых ці іншых учынкаў, перасцерагаць – яны здольныя прыслухацца і пачуць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *