Рейд: «Приятно, когда на кухне пахнет котлетами, а не водкой»

Закон Общество

“Прыемна, калі на кухні пахне катлетамі, а не гарэлкай”
Выязджаем у чарговы рэйд па сем’ях, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Заходзім у дом, бачым п’яных бацькоў. Побач гуляе іхняя маленькая дачушка.  Здзівіла, што маладыя бацькі  не лічаць п’янства ганьбай, яны прымаюць яго як звычайную будзённую справу. І толькі калі ўчастковы інспектар РАУС Вячаслаў Зубараў (ён часты госць у гэтай сям’і, ведае іхнюю “паднаготную” – аўт.) нагадаў жанчыне, як нядаўна п’яны муж разбіў ёй нос і яна шукала ратунку ў міліцыі, жанчына ціха паабяцала: “Я больш не буду”. Вядома, ні ўчастковы, ні дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнга цэнтра С. В. Бельчыкава, якая прымала ўдзел у рэйдзе, не паверылі гэтым абяцанням. Муж і жонка атрымалі “пуцёўкі” на чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх…
У ходзе рэйду раённая камісія наведала 18 шумілінскіх сем’яў. Прычым у некаторых сем’ях мы ўжо неаднойчы бывалі і ў мінулым, і ў гэтым годзе. Большасць бацькоў неаднаразова выклікалі на пасядэжэнні камісіі па справах непаўналетніх.
І трэба адзначыць, што такая сумесная напорыстая праца дае плён. Вось, напрыклад, адна з жанчын да таго дапілася, што паўгода таму ўжо стаяла пытанне аб адбіранні ў яе непаўналетняй дачкі. І некаторыя члены камісіі па справах непаўналетніх настойвалі, каб дзіця змясцілі ў прытулак, бо маці не спраўляецца з абавязкамі па выхаванню. Але жанчыне далі шанс. І яна задумалася. Уладкавалася на работу, цяпер не п’е, глядзіць дачку. “Мне самой прыемна на сябе глядзець, – шчыра прызнаецца жанчына. – Не хачу вяртацца да таго жыцця, якое было раней. У мяне цяпер усё добра, а галоўнае, мая дачка са мной. І грошай цяпер стала хапаць, калі не купляю гарэлку. Прыйшла вось з магазіна і так прыемна, што на кухні пахне катлетамі, а не гарэлкай”.
Шкада вось толькі, што такіх выпадкаў – адзінкі…
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *