Старт во взрослую жизнь дал 103 выпускникам Шумилинского района последний школьный звонок

Актуалии Молодёжь Образование

Старт у дарослае жыццё

Учора апошні званок празвінеў для ўсіх вучняў устаноў адукацыі Шумілінскага раёна, даў старт летнім канікулам. А вось для 103 выпускнікоў апошні школьны званок даў старт у дарослае жыццё. У кожнага з іх ёсць мары, надзеі паступіць у вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную ўстанову, атрымаць прафесію, стаць у ёй спецыялістам вышэйшай кваліфікацыі. Вельмі хочацца, каб гэтыя мары спраўдзіліся.
Апошні званок празвінеў і для 13 выпускнікоў раённай гімназіі-інтэрната. З пажаданнямі поспехаў у выпускных экзаменах і цэнтралізаваным тэсціраванні звярнуўся да гімназістаў-выпускнікоў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў. Аляксандр Іванавіч пажадаў усім годна трымаць традыцыі гімназіі і паступіць у ВНУ, атрымаць абраную спецыяльнасць і вярнуцца працаваць у родны раён, дзе іх заўжды чакаюць, дзе іх праца знойдзе ўдзячнасць землякоў.
Галоўныя героі свята прымалі віншаванні і пажаданні ад вучняў-гімназістаў і дырэктара гімназіі Л. У. Маладзечкінай, ад педагогаў і бацькоў. Шчыра пажадала сваім вучням поспехаў у жыцці класны кіраўнік А. У. Васілеўская, якой яны пакінулі свае сакрэты і таямніцы ў выглядзе паветраных шарыкаў і папрасілі адпусціць іх  на волю.

Каляровым воблакам паляцелі шарыкі ў блакітнае неба. А праз некалькі дзён пасля выпускных экзаменаў па вольным жыцці, па сваіх сцяжынках разыдуцца былыя вучні. І няхай іхнія жыццёвыя дарогі будуць роўнымі і шчаслівымі!
Сяргей ПАЎЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *