Слова – дэлегатам Усебеларускага народнага сходу

Актуалии Общество

«Што залежыць ад нас, зробім!»
22 чэрвеня пачне работу V  Усебеларускі народны сход. Дэлегаты нашага раёна падзяліліся сваімі чаканнямі і планамі ўдзелу ў рабоце форуму.

Дзятлаў Уладзімір Іванавіч, дырэктар ААТ «Прыдзвінскі»:
– Адчуваю вялікую адказнасць, бо за мной – увесь раён. Думаю, на сходзе будуць вызначацца перспектывы развіцця нашай рэспублікі, якую хацелася б бачыць моцнай і квітнеючай. Як жыхара Беларусі, мяне цікавяць розныя пытанні, што будуць вырашацца на форуме: стратэгія развіцця дзяржавы на наступныя пяць гадоў, пытанні  эканомікі, аховы здароўя, адукацыі.  Лічу, на Усебеларускім народным сходзе абавязкова будуць разглядацца праблемы развіцця аграрнай галіны. Дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі была заўжды, хочацца, каб такая падтрымка існавала і надалей.  Каб пад меншую працэнтную стаўку выдаваліся крэдыты, каб хапала грошай на набыццё сучаснай тэхнікі. Лічу, што стаўку трэба рабіць на энерганасычаныя камбінаваныя агрэгаты, якія будуць рабіць адразу некалькі відаў работ – гэта прамая эканомія грошай. Хацелася б абмеркаваць на народным форуме праблемы развіцця жывёлагадоўлі, перапрацоўкі і збыту прадукцыі, павышэння ўрадлівасці глебы і многія іншыя. Абавязкова хочацца абмеркаваць вясковыя праблемы з прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў Беларусі, пазнаёміцца з іхнім вопытам работы.
Сельская гаспадарка – важная галіна эканомікі, якая не толькі забяспечвае людзей прадуктамі харчавання, але і дае сыравіну для многіх галін прамысловасці. Менавіта таму вёску трэба падтрымліваць, асабліва вясковую моладзь. Думаю, каб маладым хацелася жыць у вёсцы, трэба ім стварыць неабходныя ўмовы для работы, прадставіць жыллё і годны заробак. Гэтыя праблемы хацелася б падняць на Усебеларускім народным схо-дзе. На маю думку, вёска павінна развівацца і будавацца, каб выклікаць у моладзі жаданне вярнуцца, жыць і працаваць на роднай зямлі.

Маладзечкіна Ларыса Уладзіміраўна, дырэктар установы адукацыі «Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат»:
– Быць удзельнікам такой важкай і знакавай для Беларусі падзеі – вялікі гонар. Усе мы едзем на сход з прадчуваннем яго маштабнасці, паколькі на сходзе вызначаюцца накірункі перспектыўнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку. Упэўнена, што будзе выпрацавана дакладная канструктыўная праграма развіцця краіны, у аснове якой будзе пастаўлена задача павышэння дабрабыту краіны і дабрабыту кожнага з нас.
Думаецца, што адной з галоўных тэм Усебеларускага народнага сходу павінна стаць развіццё адукацыі. Сёння мы павінны разумець, што адукацыя і навука павінны ісці ўперадзе эканомікі, каб рабіць яе канкурэнтаздольнай. Мы, настаўнікі, чакаем дзяржаўнай падтрымкі адукацыйнай галіны ў плане павышэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, павышэння статусу настаўніка, асабліва вясковага, паляпшэння ўмоў працы. А ўсё, што залежыць ад нас, зробім.
Як прадстаўніку сельскай інтэлігенцыі хочацца бачыць больш пільную увагу з боку дзяржавы да сяла. Мы павінны больш клапаціцца пра беларускую вёску, каб яна расла і развівалася.
Што датычыцца работы Шумілінскай раённай гімназія, магу запэўніць, што да Усебеларускага народнага сходу мы ідзём з добрымі вынікамі. Гімназія працуе з 2005 года. За гэты час яна набыла аўтарытэт, навучэнне ў гімназіі стала прэстыжным.  З 2005 года гімназія ўручыла атэстаты 130-ці выпускнікам (у тым ліку васьмі залатым медалістам), 110 з іх паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. На працягу апошніх трох год працэнт паступлення гімназістаў у ВНУ стабільна перавышае 90%.
Народны сход дазваляе выкарыстаць  канстытуцыйнае права ўдзельнічаць ў абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *