Гарадоцкі Парнас: “Авохці мне! Як там прыгожа! Як быццам хто намаляваў!”


“Авохці мне! Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!”

У суседнім Гарадку на мінулым тыдні ладзілася вялікае свята народнай творчасці беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”.  Тут было шматлюдна і цікава, бы на тым Парнасе. Адны публічна чыталі радкі са знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”, другія ўдзельнічалі ў велапрабегу, трэція прыйшлі туды са сваімі выставамі, іншыя проста адпачывалі.
На “Гарадоцкі Парнас” трапілі і шумілінцы. Падзівіліся там з людзей, і самі прынялі ўдзел у зводным канцэрце. Вакальная група народнага хору “Світанак” Шумілінскага раённага цэнтра культуры падарыла гледачам ажно пяць выдатных песень, а Валянціна Пашкевіч з Язвіна насмяшыла гледачоў байкай пра тое, як яна лячыла зубы.
Як расказала кіраўнік народнага хору “Світанак” Ларыса Дземідовіч, шумілінскія таленты ў Гарадку спадабаліся, апроч шчырых апладысментаў, калектыў атрымаў удзячнасць, каравай і сувенір. А галоўнае – яркія ўражанні ад “Гарадоцкага Парнаса”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №45 ад 10.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *