“БЕЛАГРА 2016”: На сусветным узроўні якасці

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“БЕЛАГРА 2016”: На сусветным узроўні якасці
У рамках беларускага аграпрамысловага тыдня 26-ы раз з 7 па 11 чэрвеня ў Мінску праводзіцца міжнародная спецыялізаваная выстава “БЕЛАГРА 2016”. Больш за 500 кампаній з 23 краін свету прыехалі ў сталіцу Беларусі прадэманстраваць лепшыя узоры сваёй прадукцыі для аграпрамысловай галіны вытворчасці.

Яны размясціліся на дзвюх пляцоўках – на тэрыторыі аэрапорта “Мінск-1” і ў Футбольным манежы. Правядзенне выставы сёлета прымеркавана да III форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, таму сярод удзельнікаў больш за 40 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Ганаровымі гасцямі выставы сталі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, члены парламентаў і ўрадаў абедзвюх краін.
“Наша краіна некалькі гадоў таму вырашыла праблему харчовай бяспекі, за гады незалежнасці наладзіла выраб усёй неабходнай для аграпрамысловага комплексу краіны тэхнікі, якая адпавядае лепшым сусветным узорам.

Беларускія вытворцы тэхнікі паспяхова канкурыруюць са славутымі кампаніямі ЗША, Германіі, Францыі, іншых краін, экспартуюць яе ў дзясяткі краін свету, арганізуюць сумесныя прадпрыемствы па вырабе беларускіх трактароў, камбайнаў у іншых краінах. Якасць беларускіх прадуктаў добра вядомая спажыўцам у замежжы, асабліва ў Расійскай Федэрацыі, куды ідзе асноўная частка экспарту. Цікавасць да Беларусі, яе сельскай гаспадаркі  праяўляюць кампаніі з усяго свету, што наглядна дэманструе гэтая выстава”, – сказаў падчас адкрыцця выставы “БЕЛАГРА 2016” віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка . Пра дасягненні беларускай сельскай гаспадаркі, якая працуе на сусветным ўзроўні, гаварыў і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц: 10 мільёнаў тон збожжа, ураджайнасць 38 ц/га, экспарт прадукцыі 4,4 мільярда долараў – вынікі 2015 года. І сёлета аграрыі краіны забяспечылі рост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі: за чатыры месяцы валавая вытворчасць прадукцыі АПК склала 101,3% да мінулагодняга ўзроўню.
Годна была прадстаўлена на выставе і Віцебская вобласць. Абласныя прадпрыемствы выставілі шырокі спектр прадукцыі. Сельскагаспадарчую тэхніку прадстаўлялі Верхнядзвінскі райаграсэрвіс, Віцебскі маторарамонтны завод. Высокатэхналагічную прадукцыю дэманстраваў Віцебскі завод ветпрэпаратаў.  Віцебскае племаб’яднанне паказвала высокапрадукцыйную жывёлу.
Вялікую цікаўнасць наведвальнікаў выставы прыцягвалі стэнды прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, дзе можна было паспрабаваць прадукцыю, а пасля дэгустацыі і набыць яе да ўласнага стала. Выстава стала першым іспытам для новых гаспадарчых аб’яднанняў Віцебшчыны – інтэграваных структур (аграхолдынгаў). Холдынгі аб’ядноўваюць увесь ланцужок вытворчасці прадукцыі – ад вытворчасці кармоў і вырошчвання жывёлы да гатовых прадуктаў харчавання.

Кожнае прадпрыемства імкнулася дастойна прадставіць сваю прадукцыю, асабліва навінкі вытворчасці. Так АРІС (Аршанская інтэграваная сістэма) прадстаўляла цэлую лінейку прадуктаў Аршанскага мясакансервавага камбіната з мяса індыкаў пад новым брэндам “INDYUSHA”, можна было пачаставаць і прадукцыю пад вядомымі брэндамі гэтага прадпрыемства –  “Зроблена з любоўю”, “Baby-hit”. Не менш шырокі асартымент прадукцыі дэманстравалі Віцебскі мясакамбінат (“Мясковит”), Віцебская бройлерная птушкафабрыка (”Ганна”), іншыя мясакамбінаты вобласці.
Шырокі выбар прадуктаў,  у першую чаргу навінак, прапаноўвалі малочныя прадпрыемствы Віцебшчыны пад папулярнымі ў пакупнікоў брэндамі “Віцебскае малако”, “Лепелька” (Лепельскі малочнакансервавы камбінат), “Молочное раздолье» (Полацкі малочны камбінат) і многія іншыя. Сокі, а таксама натуральныя ягадныя віны прапаноўваў Талачынскі кансервавы завод.
Трэба адзначыць, што стэнды віцебскіх прадпрыемстваў карысталіся папулярнасцю ў наведвальнікаў выставы. А гэта дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што прадпрыемствы Віцебшчыны не засталіся без новых кантрактаў на пастаўку сваёй прадукцыі як унутры краіны, так і за яе межы.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Фота «Витебские вести».
Надрукавана ў №45 ад 10.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *