В Шумилинском РОВД обсудили работу дружинников

Безопасность Общество

Дружыннік – правая рука міліцыянера
На мінулым тыдні ў раённым аддзеле ўнутраных спраў адбыўся семінар з раённым штабам добраахвотных дружын і камандзірамі дружын прадпрыемстваў і арганізацый раёна.  У рабоце семінара бралі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава, начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка, першы сакратар райкама БРСМ А. Ю. Хмарын, старшыні сельвыканкамаў.
І. І. Шалахава звярнула ўвагу на тое, што парадак у раёне, у кожным населеным пункце – гэта агульная справа супрацоўнікаў РАУС, добраахвотных фарміраванняў, усіх грамадзян. “Вядома, удзельнікі гэтых грамадскіх фарміраванняў не будуць выконваць работу ўчастковага, – сказала Ірына Іванаўна. – Але ж папярэдзіць злачынства ці правапарушэнне – справа кожнага сумленнага грамадзяніна”.
Не праходзіць міма антыграмадскіх з’яў, а праяўляць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю заклікаў дружыннікаў начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка. Дружыннікі, якія  з’яўляюцца правай рукой міліцыянераў, заўсёды запатрабаваныя – менавіта яны своечасова паведамляюць пра парушэнні правапарадку, у першую чаргу, пра п’янкі і хуліганства ў грамадскіх месцах. Магчыма, дзесьці дружыннік спыніць падлеткаў, не дасць ім здзейсніць правапарушэнне, своечасова патэлефануе ў міліцыю пра бойку на вуліцы, пра дэбашырства ў сям’і – і папярэдзіць больш горшае здарэнне. І такіх прыкладаў на Шуміліншчыне дастаткова.
Так, пра работу дружыннікаў Обальскага керамічнага завода, якія неаднойчы выяўлялі і спынялі крадзяжы абсталявання і іншай маёмасці на прадпрыемстве, папярэджвалі парушэнні ў гарадскім пасёлку, перад пачаткам мерапрыемства карэспандэнту раённай газеты расказаў начальнік аховы завода А. В. Курачоў.
Старшы інспектар аддзялення  аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС С. А. Кузняцоў пазнаёміў прысутных з Законам Рэспублікі Беларусь“Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку”. Інспектар звярнуў увагу на тое, што дзяржава гарантуе дружыннікам сацыяльную абарону. У прыватнасці, калі ў час дзяжурства дружыннік атрымае траўму, яму выдаецца бальнічны ліст і поўнасцю захоўваецца заробак.
Да таго ж, у многіх арганізацыях калектыўнымі дагаворамі прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання ўдзельнікаў дружын: прэміі, адгулы, дадатковыя дні да водпуску. Было рэкамендавана пашырыць такую практыку з мэтай стымулявання дзейнасці добраахвотных дружын ў раёне.
Былы супрацоўнік міліцыі і сённяшні старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў звярнуў увагу на тое, што сувязь міліцыі і сельсаветаў павінна была больш цеснай, што разам працаваць на ахову правапарадку лягчэй. Начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка пагадзіўся са слушнай прапановай паведамляць старшыням сельвыканкамаў пра здарэнні на іх тэрыторыі. У такіх выпадках, магчыма, старшыня, мясцовы дружыннік ці старэйшына вёскі, якія добра ведаюць людзей, дапамогуць у аператыўным раскрыцці злачынстваў.
Пра раённы маладзёжны атрад аховы правапарадку расказаў першы сакратар райкама БРСМ А. Ю. Хмарын, які звярнуўся да прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з заклікам агітаваць маладых людзей на ахову правапарадку.
Падводзячы вынікі семінара, А. Р. Дзмітрэнка падзякаваў усім за работу і ўручыў падзякі аддзела ўнутраных спраў лепшым дружыннікам: дырэктару прыватнага прадпрыемства “Кубаметр” з Кардона Віталю Васёху, настаўніку Мішневіцкай СШ Браніславу Ільясевічу, фельчару Сіроцінскага ФАПа Івану Казельку, начальніку аховы ОКЗ Аляксандру Курачову (на здымку), сталяру УП ЖКГ Ільі Пашкевічу, інжынеру па ахове працы ААТ “Прыазёрны мір” Святлане Шустровай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *