Строим домик для скворцов

Экология

Не кожная шпакоўня – шпаку для жылля…
Назіраеш за вясёлымі школьнікамі, якія     прыладжваюць на дрэвы шпакоўні, і міжвольна ўсміхаешся – вясна…
Ладзіць птушкам гнёзды пачалі з тае даўняй пары, як толькі было заўважана, што многія птушкі туляцца бліжэй да жылля чалавека. Пра тое, наколькі карыснае гэта суседства, гаворыць “Птушыная справаздача”: адна шпачыная сям’я за 5 дзён можа знішчыць каля 1000 майскіх жукоў і іх лічынак, не лічачы вялізнай колькасці вусеняў і смаўжоў. А яшчэ шпакі парадуюць зранку сваёй прыгожай песенькай. Гэта іх падзяка чалавеку за драўляны домік, які сёння птушкам вельмі патрэбны.
Але неабходна ведаць, што не кожная шпакоўня – шпаку для жылля. Няпра-вільна зроблены домік можа загубіць усё шпачынае сямейства.
Спецыялісты раяць:
– абавязкова рабіць шпакоўню з няструганай знутры дошкі, у крайнім выпадку, можна нарэзаць стамескай ці ножыкам гарызантальныя насечкі ад дна да лятка. Навошта? Падрослыя птушаняты павінны выбірацца на волю, калі ж дошкі гладкія, яны гэтага зрабіць не змогуць і загінуць;
– дошкі для шпакоўні павінны быць таўшчынёй не менш за 1,5 см, а лепш за ўсё – 2-2,5. Не рэкамендуецца прымяняць тонкую дошку ці фанеру, бо птушанятам будзе холадна і няўтульна з-за павышанай гукапранікальнасці такіх матэрыялаў;
– дашок доміка павінен надзейна абараняць насельнікаў ад дажджу, аднак не пакрывайце яе жалезам, бо яно ў спёку награваецца. Рабіце дах абавязкова з’ёмным, бо домік пасля адлёту птушак неабходна пачысціць. Толькі замацоўвайце дах надзейна, каб ні вецер, ні варона не змаглі яго збіць;
– дыяметр лятка для шпакоўні павінен быць прыкладна 50 міліметраў і абавязкова з жэрдкай;
– не трэба рабіць домік вельмі прасторны. У вялікіх “апартаментах” шпакі выведуць 4-5 птушанят, такую колькасць дзяцей пракарміць бацькам будзе цяжка. Патомства вырасце хілым і не вытрывае пералёту ў цёплыя краіны;
– змацоўваць сценкі і дно шпакоўні лепш шрубамі (шурупами). Яшчэ да сабранага доміка на задняй сценцы прыбіце планку, каб потым можна было прымацаваць шпакоўню да дрэва ці на шост;
– вешайце шпакоўню як мага вышэй на дрэва, дом ці шост, лятком на ўсход. Прадугледзьце прылады, якія абароняць птушак ад катоў. Напрыклад, на дрэве побач са шпакоўняй не павінна быць тоўстых сукоў. Не дастаць кату шпакоў, калі домік прымацаваць на металічную трубу або на гладкі драўляны шост. А вось выкарыстоўваць калючыя расліны ці дрот нельга, бо і птушкі, і кот могуць параніцца;
– непажадана шпакоўню фарбаваць, такі домік адпужвае птушак. У крайнім выпадку, выкарыстоўвайце алейныя фарбы светла-празрыстага тону, або пакрыйце дошкі пакостам (олифа).
Падрыхтавала Таццяна МАШАРСКАЯ.
Надрукавана ў №28 ад 16.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *