Об охране правопорядка и безоперационном лечении общественных нарывов

Общество

Сімптомы няшчасця
14 чэрвеня прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый, іншых зацікаўленых службаў. Пасяджэнне правяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Кожны з нас можа дазволіць сабе прыстойнае жыццё: радавацца першаму кроку сына, гатаваць смачны пірог у свята, перачытваць закінутых са школы класікаў, раптам закахацца… Здароўе асобна ўзятай сям’і і грамадства ў цэлым лёгка вызначаецца па такіх, магчыма, для некага і непаказальных сімптомах. Кожны дзеліцца лішкам: шчаслівыя – шчасцем, а няшчасныя, бадай, і не маючы такога намеру, не могуць і не ўмеюць прынесці радасць тым, хто побач. Хранічна п’яны чалавек – няшчасны. Так, мабыць, гэта не ваш блізкі, нават і не ваш знаёмы, але пакуль ён побач, абсалютным не будзе і ваша шчасце, і ваш камфорт.
Такога прадстаўнічага складу пасяджэнні бяруць на сябе справу пакуль безаперацыйнага лячэння грамадскіх нарываў. Таму, напэўна, і не ўсім запрошаным зразумелы досыць сур’ёзны вектар гаворкі з нагоды, здавалася б, не самых ашаламляльных падзей. Ніхто не будзе даводзіць, што, скажам, у дзень нараджэння і выпіць нельга, але ж колькі іх, замшэлых і ўжо безнадзейных, перабывала ў гэтым кабінеце, тых, хто таксама калісьці толькі пачынаў і верыў, што ў любы момант адкруціць жыццё назад. Вось і цябе, маладога, моцнага і ў цэлым добрага хлопца, хочуць не тое каб пакараць, а паказаць, што бывае, калі з жыццём чалавека звязвае толькі тонкі струмень гарэлкі. Гэта сапраўды можа працвярэзіць – ва ўсіх сэнсах.
Праўда, калі дзяцей пяцёра, то піць наогул недапушчальна, нават у свята. Ну, нельга сабе дазволіць такой раскошы – і ўсё. А калі такі несамастойны бацька будзе працягваць траціць і без таго сціплыя заробкі на спіртное, яго лёгка можна пазбавіць дзеяздольнасці, і грошы, якія ён зарабляе, на законных падставах будзе атрымліваць, скажам, жонка. Такую меру ў адносінах да некалькіх чалавек прапанаваў пракурор раёна Сяргей Зайцаў. Пачуўшы пра гэта ўпершыню, мужчыны, прызнацца, былі збянтэжаны.
Першы ўдар у гэтых баях заўжды бярэ на сябе міліцыя. І тое, што мы можам спакойна хадзіць па вуліцах і не баяцца трапіць у кампанію якой-небудзь маргінальнай асобы, – сапраўды іх заслуга. Міліцыянеры ладзяць пастаянныя рэйды, выяўляюць самагоншчыкаў, выратоўваюць сем’і ад п’яных дэбошаў, адпраўляюць алкаголікаў у ЛПП. За гэты год восем чалавек панеслі адказнасць за самагонаварэнне і захоўванне спіртаўтрымліваючых вадкасцяў, расказаў інспектар аддзялення аховы і прафілактыкі РАУС Сяргей Кузняцоў. 70 літраў брагі і самагонны апарат больш “не сустрэнуцца” са сваім гаспадаром у Полькавічах.
Але ж міліцыянеры шчыра прызнаюцца, што адны б яны ніколі не справіліся. І медыкі, і выратавальнікі, і педагогі, і працоўныя калектывы проста не могуць сабе дазволіць не заўважаць гэтых праблем. Вось і начальнік РАНС Андрэй Сасновіч расказаў, што пры любой гутарцы з насельніцтвам кожны пажарны інспектар, даводзячы думку пра небяспечнасць агню, абавязкова раскажа і пра цыган, якіх нельга пускаць на парог, і пра веласіпеды, якія не варта пакідаць без нагляду, і пра многае іншае.
А як балюча роднаму калектыву бачыць, што чалавек, які шмат год ішоў побач плячо ў плячо, раптам па кроплі стаў губляць сабе. Як з гэтым спраўляюцца на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, расказала на пасяджэнні Галіна Карнякова, інспектар па кадрах і адказны за ідэалагічную работу на прадпрыемстве. Адзначыла дабраахвотную дружыну, якая выдатна спраўляецца з ускладзенымі на яе абавязкамі.
Сваю дапамогу прапаноўваў людзям благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі, які паабяцаў і надалей браць удзел у такіх пасяджэннях. Ён прапанаваў дапамогу з уладкаваннем дзяцей у праваслаўны летнік, мужчын запрашаў у царкву, абяцаў за ўсіх маліцца.
Таксама ўдзельнікі абмеркавалі план работы савета грамадскага пункта аховы правапарадку на другое паўгоддзе.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *