В Шумилино работает спортивно-оздоровительный лагерь «Старт»

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Летні старт на здароўе
Шумна ды весела зараз у ДзЮСШ. Тут працуе першая змена спартыўна-аздараўленчага лагера “Старт”.  Прычым, гэта змена –адметная, тут сабраліся малодшыя школьнікі. “Такая змена ў нашым лагеры упершыню, – расказвае начальнік лагера Алег Асташонак. – Зразумела, што мы і раней бралі на аздараўленне малышоў. Але яны былі разам са старэйшымі, якія ўжо з валейболам практычна на ты і якія абараняюць гонар нашага раёна на розных спаборніцтвах. Безумоўна, малыя спартсмены дзесьці адчувалі менш увагі. Таму і зрабілі сёлета менавіта такую змену, каб нашы самыя юныя спартсмены адчулі сябе поўнымі гаспадарамі ДзЮСШ”.
У “Старце” на летні час трэнеры-выкладчыкі “перакваліфікаваліся” у выхавальнікаў, на першай змене гэта Любоў Бабова і Юрый Пальвінскі. Выхавальнікі добра разумеюць, што малышам больш падабаюцца рухомыя спартыўныя гульні, хаця кожны дзень праводзіцца абавязкова валейбольная трэніроўка. Багата і забаўляльных мерапрыемстваў. У лагеры робіцца ўсё, каб юныя спартсмены не толькі аздаравіліся, а і яшчэ больш палюбілі спорт, валейбол.
А вось другая і трэцяя змены ў “Старце” будуць традыцыйнымі. Адпачываць, а дакладней трэніравацца, будуць больш сталыя дзеці. Для іх будзе штодзень дзве валейбольныя трэніроўкі, плануецца правядзенне таварыскіх сустрэч. Галоўная задача гэтых дзвюх змен – падрыхтоўка да стартаў, якія пройдуць восенню.
Зразумела, што ў кожнай змене будзе багата і забаўляльных мерапрыемстваў: паходы, адпачынак на возеры, экскурсіі… У ДзЮСШ робяць усё, каб летні адпачынак у “Старце” пакінуў толькі станоўчыя ўражанні.
Як адзначыў Алег Асташонак, за лета ў “Старце” адпачнуць 120 дзяцей, гэта  60 % ад агульнай колькасці выхаванцаў ДзЮСШ.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №49 ад 24.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *