В Шумилинском районном турслёте молодёжи приняло участие 11 команд

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Новыя сябры і мора  эмоцый – гэта турзлёт

Два дні, 24 і 25 чэрвеня, у Лескавічах не заціхалі вясёлы гоман, гук гітары і залівісты малады смех, кіпеў сапраўдны спартыўны запал. Тут праходзіў традыцыйны раённы турысцкі злёт моладзі. У сёлетнім турзлёце бралі ўдзел 11 каманд з 13 арганізацый раёна. Старшыня райвыканкама А. І. Снараў пажадаў удзельнікам мерапрыемства добрага настрою, яркіх выступленняў і перамог.


Кожная каманда праявіла шмат энтузіязму, творчасць, густ, калі разбівала свой палатачны лагер. Экскаватар ад ПМС, печка-буржуйка ад ОКЗ,  таксафон ад Белтэлекаму… Кожная каманда здзівіла сваёй фантазіяй. І нядзіўна, што журы, падводзячы вынікі конкурсу быту, прыняло нечаканае рашэнне: усім каманда было дадзена першае месца.
Праграма турзлёту аказалася вельмі насычанай. Турысты толькі і паспявалі паказваць свае навыкі то ў адным конкурсе, то ў другім. Ні хвілінкі перадыху. І такі шалёны, як сказаў нехта з удзельнікаў, тэмп быў даспадобы моладзі. Хочацца сказаць ўдзячныя словы арганізатарам мерапрыемства, якія пры падрыхтоўцы ўлічылі ўсе асаблівасці правядзення турзлёту.
Многія каманды рабілі стаўку на спартыўную частку конкурснай праграмы: міні-футбол, валейбол і трыятлон. Таму і барацьба была надзвычай сур’ёзная і непрадказальная. Многія фаварыты нават не змаглі дайсці да фінальнай часткі. Перамогу ў футболе і валейболе святкавалі спартсмены з “Электрасэрвісу” (зборная райаграсэрвісу і РЭС). Сваімі футбалістамі могуць ганарыцца лясгас і ОКЗ, валейбалістамі – зборная РАНС і “Белаграпрамбанкама”, “Белтэлекам”.
Дынамічна прайшоў трыятлон. 1,5 км дыстанцыі трэба было і прабегчы, і праплыць, і праехаць на веласіпедзе. І гэта ўсё пры 30-градуснай спёцы. Але, да гонару ўдзельнікаў, усе справіліся з дыстанцыяй. Лепшы вынік паказалі спартсмены з ПМК-70,  якія апярэдзілі  стаўшых другімі і трэцімі “Электрасэрвіс” і Белтэлекам.
А колькі азарту і прагі перамогі было ў спаборніцтвах па перацягванні каната.
Смех, гумар, новыя сябры – усё гэта турзлёт. Старт забаўляльнай часткі турзлёту дала жартоўная эстафета. Лепш за ўсіх з заданнямі справілася зборная РАНС і “Белаграпрамбанк”, “Белтэлекам” і ПМК-70.
Самымі эрудзіраванымі паказалі сябе члены каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якая выйграла віктарыну.
У конкурсе мастацкай самадзейнасці асабліва ўдала выступілі медыкі – як вынік, шквал апладысментаў і заслужанае першае месца.
Парадавалі “кашавары”. Сваімі стравамі здзівілі ўсе турысты. Тым не менш перамаглі каманды Шумілінскай ЦРБ і ОКЗ.
А вось конкурс “Баявых лістовак” многія каманды падвёў. Большасць няўважліва прачытала ўмовы конкурсу і зрабіла турысцкія газеты. Сапраўдныя “Баявыя лісткі” былі ў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ОКЗ і “Белтэлекама”.
Па суме усіх конкурсаў  першае месца на турзлёце заваявала каманда Обальскага керамічнага завода, другое – “Белтэлекам”, трэцяе – цэнтральная раённая бальніца.
Хаця, сказаць шчыра, прайграўшых не было. Усе атрымалі безліч станоўчых эмоцый і ўражанняў. Два дні актыўнага адпачынку сталі сапраўднай аддушынай сярод жыццёвай мітусяніны…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *