Весна. Костры. Дым… А надо ли?

Общество Экология

Удушлівы дым
Вясна і восень знемагаюць ад дыму. Што толькі ні паліць чалавек — траву і абрэзанае з фруктовых дрэў галлё, смецце, якое “прынесла” зіма, і шмаццё поліэтыленавых плёнак…
Скажу так: не любіць, не шануе чалавек чалавека. Здаровы хворага, малады старога. Быццам здаровы будзе такім да самай смерці, а маладому лёс наканаваў маладосць на тысячу гадоў. Адсюль і званкі ў рэдакцыю: “Задыхаюся, у мяне хворае сэрца, а суседзі паляць старую траву. Дапамажыце! Асадзіце іх!”
Як асадзіць — чалавек прыбірае свой падворак, а смецце спальвае. Калі б у яго пад бокам стаяў кантэйнер або прыязджаў трактар — гаворкі няма, а так даводзіцца ўсё пускаць дымам.
Праўда, ці ўсё ж тое, што нагрэблена пасля зімы, трэба аддаваць агню? Далёка не. Напрыклад, не па-гаспадарску спальваць траву, яе лепш скідваць у кампостную яму, зліваць гноевай жыжай і — восенню выдатны перагной. Іншая справа — галлё ды паперкі, хаця іх без карысці спальваць не трэба. Галлё ад вішанніку ці ад яблынь — адмысловыя дровы пры смажанні шашлыкоў.
Асобная гаворка аб поліэтылене. Кідаць у агонь такую плёнку проста злачынна: дым ад яе згарання не толькі ўдушлівы, але і небяспечны  для чалавека сваёй “хіміяй”. Таму калі бачу, як якая-небудзь гаспадыня падсоўвае жмут старой плёнкі ў агонь, у мяне пачынае балець сэрца: няўжо чалавек не разумее, што травіць і сябе, і суседзяў, і ўсіх, хто побач?
Падказваем: плёнка не згнівае нават за сотню гадоў. Яна павінна ісці на перапрацоўку. Захад даўно адмовіўся і ад цэлафанавых мяшэчкаў у магазінах, і ад пакетаў. Там усё расфасавана ў папяровую тару. Мы пакуль што да гэтага яшчэ  не прыйшлі, не дараслі.
Тым не менш, галасуючы за светлае і шчаслівае помнячы пра светлае і шчаслівае будучае сваіх дзяцей і ўнукаў, мы не будзем паліць цэлафан ці поліэтылен, будзем яго складваць. Прыйдзе ж і для яго “зорны” час. Разам з пластмасавымі бутэлькамі. Чалавек жа сам сабе не вораг, ці не так?
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *