Деревня Добея отпраздновала своё 610-летие

Актуалии Новости Сельское хозяйство

Шэсць стагоддзяў Дабеі
У мінулую суботу, 25 чэрвеня, Дабея святкавала сваё 610-годдзе.

Усяго чатыры гады таму вёска адзначыла 460 год свайго існавання і за чатыры гады пасталела адразу амаль на 150 гадоў. Да нядаўняга часу лічылася, што Дабея была створана ў 1552 годзе. Але мясцовы краязнаўца, бібліятэкар і старэйшына вёскі, Ала Бубен  знайшла ў “Гісторыі рускай царквы”  мітрапаліта Макарыя Булгакава інфармацыю пра тое, што яшчэ ў 1406 годзе існаваў Дабейскі пагост (пасяленне каля царквы). Гэта першае нагадванне пра Дабею ў гісторыі.
У гонар юбілею вёскі быў адкрыты памятны знак.  На перакрыжаванні дарог устанавілі вялізны шасцітонны валун, знойдзены меліяратарамі непадалёк ад вёскі. На камень усталявалі мемарыяльную дошку, на якой нагадваецца пра існаванне Дабейскага пагоста.
Дарэчы, гэтае скрыжаванне дарог таксама памятнае месца. Менавіта  тут у чэрвені 1944 года лейтэнант Мікалай Піджакоў адбіваў тры гадзіны на сваім танку нямецкія контратакі. А на наступны дзень танкіст забяспечваў пераправу стралковых падраздзяленняў праз Заходнюю Дзвіну. За мужнасць, адвагу і баявое майстэрства камандзір танка быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Адкрыць памятны знак у гонар утварэння Дабеі даверылі старэйшаму жыхару вёскі Р. А. Гусараву. Рыгор Апанасавіч павіншаваў землякоў са святам і пажадаў ім шчасця і дабрабыту.
В. а. старшыні Дабейскага сельвыканкама А. В. Аляксеенка падзякаваў работнікам ЖКГ, ААТ “Прыазёрны мір”, сябрам з Расіі і ўсім добрым людзям, якія дапамагалі ў стварэнні памятнага знака і ўзвядзенні ля яго паклоннага крыжа.
Свята прадоўжылася на пляцоўцы ля будынка сельвыканкама. Святочны канцэрт у гонар 610-годдзя Дабеі падрыхтавалі самадзейныя артысты Дабейскага клуба, а таксама народны ансамбль народнай песні “Абалянка”. Было весела і святочна, Дабея пела і танцавала. Перад землякамі выступіла старэйшая жыхарка вёскі Тамара Яўгенаўна Жэдзік, якая згадала падзеі 40-гадовай даўніны, калі вёска актыўна будавалася, калі мясцовы калгас “Іскра” быў адным з самых багатых у раёне.
Напрыканцы свята А. В. Аляксеенка падвёў вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні і ўручыў лепшым гаспадарам Дабеі падзякі ад сельвыканкама.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №51 ад 01.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *