В Никитихе прошло выездное заседание суда. Судили пьянство

Общество

Дапіліся да прафілакторыя
П’янства стала сапраўднай бядой многіх сем’яў. З-за алкагольнага дурману людзі забываюць пра дзяцей, родных, пачынаюць здзекавацца над імі. Прыходзіць час, калі на алкаголікаў не дзейнічае нічога: ні прафілактычныя размовы супрацоўнікаў РАУС, ні ўгаворы сваякоў. Застаецца апошні спосаб вярнуць іх да нармальнага жыцця – лячэбна-працоўны прафілакторый.
На выязным пасяджэнні суда, якое прайшло ў аграгарадку Мікіціха пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай, разглядаліся дзве справы аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
38-гадовы жыхар Шуміліна Андрэй Будзько – тыповы прыклад  лайдака  і  сямейнага скандаліста. Толькі за апошнія сем месяцаў ягоныя маці і сужыцелька чатыры разы звярталіся ў міліцыю з просьбай выратаваць іх ад нецвярозага дэбашыра.
Падчас судовага пасяджэння нават не верылася, што чалавек можна да такога дапіцца. Хаця б хтосьці сказаў добрае слова пра яго. Апошняй кропкай стала зачытванне пісьмовых дакументаў, у адным з якіх маці просіць накіраваць свайго сына як мага хутчэй (!) у лячэбна-працоўны прафілакторый. Гэтую прапанову падтрымала і памочнік пракурора Наталля Гаўрылюк.
*  *  *
А вось другая справа аб накіраванні у ЛПП выклікала больш інтарэсу ў прысутных, якіх багата сабралася на выязным судовым пасяджэнні. Справа ў тым, што суд разглядаў справу аб накіраванні ў ЛПП мясцовага жыхара Івана Пяшко.
– Ці адправяць у ЛПП?
– Піць трэба менш.
– Сама п’е з ім, а потым міліцыю выклікае.
Так мясцовыя жыхары рэагавалі на тое, што адбывалася падчас пасяджэння.   Іван працуе слесарам у ААТ “Лаўжанскае”. Калі не п’е, то і работнік добры. Жыве з мясцовай жыхаркай без рэгістрацыі шлюбу, разам выхоўваюць дваіх дзяцей.
У ходзе судовага пасяджэння адзін за адным “усплываюць” “цікавыя” звесткі пра Пяшко. Высветлілася, што ён – абавязаная асоба. Гадоў сем назад, да прыезду ў Мікіціху, Івана Пяшко і яго былую жонку ў Буда-Кашалеўскім раёне Гомельскай вобласці  пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах двух дзяцей. Але іхні лёс яго не цікавіць. “Не ведаю, ці ёсць запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей, – прызнаўся на судзе Пяшко. – Я чалавек маленькі, з мяне вылічваюць нейкія грошы…” А вось суддзя агучыла суму, якую мужчына завінаваціўся, – каля 700 мільёнаў рублёў.
Супрацоўнікі міліцыі не аднойчы затрымлівалі Івана Пяшко нецвярозым у грамадскіх месцах. Ягоная сужыцелька выклікала міліцыю, каб супакоіць нецвярозага…
Судовыя рашэнні ў адносінах да Андрэя Будзько і Івана Пяшко – аднолькавыя: накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый на адзін год.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *