Ферма Латково лидирует среди ферм Шумилинского района

Сельское хозяйство Экономика

Малочны цэх пад адкрытым небам
Ферма Латкова ААТ “Лаўжанскае” трымае лідарства ў працоўным спаборніцтве сярод ферм раёна. Так, за студзень-май гэтага года валавы надой склаў 223 тоны (плюс 15 тон да адпаведнага ўзроўню мінулага года).
Нядаўна мы завіталі на абедзенную дойку. Паша размясцілася непадалёк – кіламетры два-тры ад Латкова. Каровы паволі хадзілі па полі, некаторыя ляглі адпачываць. Як толькі прыехалі даяркі і накіраваліся да перасоўнай даільнай устаноўкі, буронкі нервова падалі голас. Але жанчыны не спяшаліся прыступаць да даення. Спачатку яны яшчэ раз перамылі пасля ранішняй дойкі даільныя апараты –  так патрабуе тэхналогія. Дапамагаў даяркам пастух Аляксей Жыгуноў: ён паправіў мешкавіну на бочках для малака, абліў яе халоднай вадой. “Гэта каб малако трапляла ў халодную бочку, – патлумачыў мужчына. –  А ў спякоту мы замарожваем пластмасавыя бутэлькі з вадой і кідаем у бочкі, каб малако не скісла”.
Даяркі падрыхтаваліся да работы і некалькі хвілін нам удалося пагаварыць з імі. “На нашай ферме 233 каровы”, –  расказала Ганна Бякач. “Доім тры разы, ранішнюю дойку пачынаем амаль што ноччу – едзем на поле а чацвёртай гадзіне, –  дадае Ірына Аўсяннікава.  – Думаю, калі б не працавалі ў такім рэжыме, то і не даілі б столькі малака”.  “Пакуль на карову выходзіць у сярэднім па 15 кілаграмаў, – удакладняе Надзея Крэменская. – Але ў гурце ёсць і такія каровы, што даюць па дваццаць кілаграмаў”.
На абедзенную дойку прыехала і загадчыца фермы Алена Чупрынская. Алена Якаўлеўна расказала, што калектыў вопытны і надзейны – працуюць на даверы.
Нарэшце даяркі “даюць дабро” на  выган кароў. Пастухі (яны выкарыстоўваюць франтальны метад пасьбы кароў) прымаюць электрапастух, і каровы дружна накіроўваюцца да ПДУ, дзе ў кармушках іх чакае мука. У даільную ўстаноўку за адзін раз становяцца дванаццаць кароў. Астатнія стаяць у чарзе, кожнай хочацца хутчэй паласавацца мукой.
Размерана загудзеў матор. Нельга не залюбавацца спрытнымі выверанымі рухамі даярак. Даяркі падмываюць вымя жывёлы, выціраюць яго і падключаюць даільны апарат. Малако белымі ручайкамі бяжыць па шлангах у цыстэрну – як на ферме па малакаправодзе. Сістэма закрытая, аніякага кантакту малака з паветрам, аніякіх мікробаў. Напэўна, таму ў вытворчы цэх ААТ “Малако” паступае малако гатункам “экстра”.
За дзве гадзіны даяркі справіліся з работай, і механізатар павёз прычэп з цыстэрнамі на ферму Латкова. Там малако пераліваецца ў халадзільнік. Даяркі едуць дадому адпачываць. Сёння ім яшчэ спатрэбяцца сілы, бо наперадзе – вячэрняя дойка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *