На Купала ночка мала, ды чароўнасці многа

Актуалии Общество

На Купала ночка мала, ды чароўнасці многа

Купальская ноч. Колькі ў ёй таямнічасці! Старажытнае язычніцкае свята арганічна ўпісалася ў хрысціянскую культуру беларусаў і да сённяшняга часу з’яўляецца адным з самых любімых народных святаў.
Як усядзець дома чароўнай купальскай ночкай ?! Вось і шумілінцы, дарослыя і малыя, а ў большасці сем’ямі, прыйшлі на Шумілінскае возера на свята народнага календара “Купальскі карагод”.
Як толькі пачало заходзіць сонца, над наваколлем залуналі купальскія матывы. Пастараліся работнікі культуры парадаваць гасцей цудоўнымі купальскімі песнямі і танцамі. Вядучыя – Купала і Купалінка – запрашалі да ўдзелу ў розных гульнях ды забавах. Праўда, разышліся ў гэты вечар розныя нячысцікі. Толькі дзе ім было сапсаваць свята – столькі ўсмешак і шчаслівых твараў сваёй магіяй і пазітывам прымусілі адступіць нячыстыя сілы.
Багата было на Купаллі забаў. Пастараліся работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Асабліва спадабалася кіданне мабільных тэлефонаў ды бервяна. Ды так захапляльна ўсё было, што нават старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў не ўтрымаўся і сам пайшоў кідаць бервяно. Дарэчы, лепшыя вынікі ў кіданні бервяна ў кіраўніка раёна і ў Рыгора Жука з РАНС, а ў кіданні мабільных тэлефонаў – у Таццяны Шчарбаковай, у гіравым спорце добры вынік паказаў Ігар Жандараў.
А якое свята без купальскага вогнішча! Яно сімвалізуе сонца, таму мае сілу даваць ураджай і прыносіць удачу. І чым ярчэй гараць вогнішчы на купальскую  ноч, тым больш багатым будзе ўраджай…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №53 ад 08.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *