Накармі сініцу зімой – згадае пра цябе вясной

Общество Экология

Накармі сініцу зімой – згадае пра цябе вясной

Зіма – нялёгкі час не толькі для людзей, але і для птушак. Ім няпроста здабываць корм з-пад снегу і абледзянелай кары дрэў. Таму на дапамогу птушкам прыходзяць людзі.

Яны робяць кармушкі, сыпляць у іх семкі, зерне, крупы, крошкі хлеба. Самыя простыя кармушкі робяцца з  кардонных пакетаў з-пад малака ці соку (праразаецца там квадратная ці круглая адтуліна), а таксама з пластыкавых бутэлек. А вось мой сусед зрабіў кармушку з фанеры. З птушыным кармавым сталом, з дахам ад снегу і ветру, яна нагадвае маленькі домік. А падвешана яна на елцы пад акном. У гэтую птушыную сталоўку прылятаюць больш сінічкі. Але смачным кормам любяць паласавацца і вераб’і, і амялушкі. Зрэдку прылятаюць і снегіры.
Некаторыя клапатлівыя  жыхары раёна зімой для сінічак падчапляюць да дрэва кавалачак несалёнага сала. Птушкі, пераскокваючы з галінкі да смачнага кавалачка, учэпіста трымаюцца за яго. Нават вісяць на такой “кармушцы” ўніз галавой, нібыта той акрабат.
Некаторыя падвешваюць да галінкі дрэў сухія скарынкі белага хлеба. Аднойчы назірала за тым, як сінічкі спрабавалі такі абед. Цвёрдая скарынка ніяк не паддавалася дзюбе. І ўрэшце звалілася  на снег – вось тут сінічка і накінулася на здабычу.
Многія вясковыя жыхары менавіта зімой заманьваюць птушак да свайго дома. І тут чалавечая дабрыня спалучаецца яшчэ і з мудрасцю: птушкі прывыкаюць да таго месца, дзе іх кормяць, лічаць сваім. Птушыная кампанія не пакідае месца сваёй сталоўкі і вясной, і летам, дапамагае чалавеку змагацца са шкоднікамі пладовых дрэў. Нястомныя ў працы, птушкі рупліва і надзейна “чысцяць” галінкі яблыні ці грушы. Не дарэмна ж кажуць у народзе: накармі сініцу зімой – згадае пра цябе вясной.
Лідзія РУМЯНЦАВА.

Чым нельга карміць птушак?
Для страўніка птушак небяспечныя  салёныя, смажаныя і вострыя прадукты. Соль вельмі хутка назапашваецца ў арганізме птушак і выклікае атручванне. Таму нельга карміць птушак салёнымі арэшкамі, какосавай стружкай, чыпсамі і смажанымі семкамі.
Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць у якасці падкормкі для птушак прагорклае зерне, плесневыя прадукты. Яны ўтрымліваюць шмат таксінаў, што прыводзіць да хваробы і гібелі птушак.
Небяспечным прадуктам для птушак з’яўляецца чорны хлеб. Негатыўна ўплывае на птушыны арганізм і крупы проса. У гэтых круп няма ахоўнай абалонкі, з-за чаго тлушчы на іх паверхні акісляюцца і з’яўляюцца таксічныя мікраарганізмы, якія прыводзяць да развіцця хвароб.
Па матэрыялах СМІ.

Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *