В Шумилинском районе около 10 тысяч человек приняли участие в республиканском субботнике

Актуалии

Кожны год, але па-святочнаму бадзёра

Около нового дома в микрорайоне СШ №2

Няхай не крыўдуюць тыя, хто на трапіў ў поле зроку нашага аб’ектыву, да каго не даехалі. Фізічна было немагчыма ахапіць усіх, хто выйшаў раніцой 16 красавіка на рэспубліканскі суботнік.
Едзеш на працу і радуешся: сустракаеш веласіпедыстаў з рыдлёўкамі на багажніку, жанчын з квачамі для пабелкі дрэў, людзей з мётламі і сякерамі, бензапіламі, у касках — і ўсё гэта бліжэй да 8 раніцы віруе, пакуль не “ўгамоніцца”, пакуль не расставяць усіх там, дзе патрэбны перш за ўсё іх рабочыя рукі. Вось на плошчы ля Дома Саветаў для газона прывезлі ўжо некалькі машын грунту. Работа кіпіць — раскідваецца рыдлёўкамі зямля, растуць кучкі з карэння, карчоў, рознага смецця. Усё гэта зносіцца да трактара. Збоч, за раённым вузлом сувязі, разбіваюцца стужкі зямлі паўз дарогу, жанчыны высяваюць кветкі. ”Гэта аксаміткі”, — тлумачыць маладая жанчына з прыемнай усмешкай на твары.
Трактар з прычэпам — ля брацкіх могілак. Смецця тут шмат, выносяць яго камунальнікі на плёнках. Стараюцца, ведаюць: святое месца — трэба прыбраць як след. Наогул, гарадскі парк пасвяжэў, ажыў не толькі ад дзіцячых галасоў і ўсмешак.
Кіраўнік раёна В. А. Падляшчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава не маюць права стаяць у баку ад веснавых клопатаў. Яны — у дэндрарыі Шумілінскага лясгасу. Іх чакаюць 15 маладых клёнаў. Праўда, мясціна сырая, высока грунтовыя воды, не ратуюць і дзве сажалкі.  На пагорку, дзе пясок, рупяцца работнікі лясгасу, таксама высаджваюць дрэвы.
Чуецца смех і бадзёры голас людзей на вуліцы  Сіпко: работнікі падатковай інспекцыі ўскопвалі “цаліну” на адной з рабатак, разбівалі граблямі — тут неўзабаве “паселяцца” кветкі. На чарзе — яшчэ адна ці дзве рабаткі паўз бойкай дарогі.
Рупліўцаў убачылі ў мікрараёне СШ № 2. Высыпалі на суботнік вучні школы, побач са шматкватэрным домам, які хутка будзе здадзены, планіроўку вядуць інжынерна-тэхнічныя работнікі ПМК-70 разам з дырэктарам, на рабочых месцах працавалі муляры, вялася атынкоўка.
На выездзе з Шуміліна, якраз побач з крыжам, які ўзвышаецца над наваколлем,  група дэпутатаў райсавета і кіраўнікоў прадпрыемстваў райцэнтра прыводзілі ў парадак парк. Трэба было пасадзіць дрэўцы замест тых, якія загінулі, высадзілі 160 клёнаў. Абноўлены парк — у імя памяці ахвяр у мінскім метро.
А мы кіруем на раён: там таксама ажыўлена. Спачатку пра барацьбу з хмызнякамі. Брыгада лесанарыхтоўшчыкаў УП ЖКГ “ваявала” з кустамі за паваротам на Лескавічы. На гэты “фронт” былі кінуты шэфы з Кастрыч-ніцкага раёна Віцебска. Адразу пасвятлела пасля расцяробаў у Прыазёрным, хаця і адкрылі воку непрыглядную карціну з выкінутага нядбайнікамі смецця.

На дороге Приозёрная-Добея

Тут жа з ААТ “Прыазёрны мір” а палове дванаццатай прывезлі памочнікам з Віцебска падмацунак — бутэрброды і чай. Дарогу паміж Прыазёрным і Дабеяй “акупіравалі” самі дарожнікі: тут кладзецца свежая стужка асфальту. А ў Непаротах заспелі брыгаду з ПМК-70. На ўзбочыне — поўна галля ад старых яблынь.

На полях "Райагросервиса"

Не маглі абысці ўвагай аграрыяў: у іх сяўба. Побач з вёскай Пабеда механізатары “Шумілінскага райаграсэрвісу” вялі ўнясенне тукаў, чызеляванне глебы. На ўзмежку сустрэлі начальніка ўчастка У. А. Чарнічэнку. “Рыхтуемся сеяць ячмень, — патлумачыў ён. — Гадзіны праз дзве-тры сюды прыедуць сеялкі з Залесся. Трэба падрыхтаваць плошчы”.
Ажыўлена было ў гэты суботні дзень на Обальшчыне. Пастараліся рабочыя керамічнага завода, якія наступалі на хмызнякі пры ўездзе ў мястэчка, тут жа працавалі мясцовае лясніцтва, работнікі сельвыканкама, участковай бальніцы.
Трэба дадаць і пра пераборку бульбы ў СФГ “Крыніца” і ААТ “Пры-дзвінскі”, збор камення ў КУСГП “Сіроцінскі”, пра пасадку дрэў у ААТ “Лаўжанскае” сіламі райкама прафсаюза АПК і пра многае іншае.
І нарэшце — статыстыка. Усяго на суботніку ў раёне ўзялі ўдзел 8340 чалавек, зароблена 25,5 мільёна рублёў, выканана аб’ёмаў работ на суму 115,5 мільёна, у тым ліку падрадных работ уласнымі сіламі — на 35,5 мільёна рублёў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *