“Пунсовы ветразь” трымае экалагічны накірунак

Актуалии Экология

“Пунсовы ветразь” трымае экалагічны накірунак

Першая змена ў аздараўленчым лагеры “Пунсовы ветразь”, што працавала ў Лескавічах, была пафарбавана ў зялёны колер і мела ярка выражаны экалагічны накірунак.
Старшы выхавальнік Ірына Кулікава, якая, дарэчы, з’яўляецца каардынатарам экалагічных праектаў у раённай гімназіі, расказала, што літаральна кожны дзень меў тут сваю красамоўную назву і запрашаў дзяцей на цікавае мерапрыемства – Дзень аднаўляемай энэргетыкі, Дзень біяразнастайнасці, Дзень клімату, Дзень здаровага харчавання…
Цікава, што дзеці самі актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх праектах, назіралі, праводзілі даследаванні. Так, у Дзень свядомага спажывання падчас гульні-матывацыі “За пакупкамі” яны вучыліся аддаваць перавагу карысным пакупкам, а таксама рабіць экалагічныя ўпакоўкі. У Дзень траў збіралі лекавыя расліны і на конкурс стваралі букеты.
А Дзень птушак запомніўся экскурсіяй у лес. І хоць гаманкой групе з дваццаці чалавек няпроста было пачуць шчабятанне птушак, тым не менш у гэты дзень удалося ўбачыць лясных спевакоў – драздоў і багата зяблікаў, якія нават сінічнікі засялілі.
Да Дня лятучых мышэй дзеці рыхтавалі касцюмы, бо ў гэты дзень у лагеры выбіралі Міс Лятучую мыш і Містара Бэтмана.

Дзве экскурсіі – у заказнік “Казьянскі” і да Вялікага каменя – падарыў дзецям Дзень балот. У падарунак жыхарам балота гогалям, якім прысвечаны ўвесь 2016 год,  юныя эколагі завезлі тры домікі – гэта ў дадатак да тых гагалятнікаў, што вясной пабудавалі гімназісты.

Шмат увагі і цэлыя тры дні былі аддадзены вадзе, як аснове жыцця: у Дзень вады правялі анлайн-мост з Браслаўскай гімназіяй, у Дзень прыродных вадаёмаў пабывалі з экскурсіяй на ачышчальных збудаваннях у Шуміліне, у  Дзень калодзежаў арганізавалі водны квест “Няптун”, а ў Дзень водных даследаванняў самі сталі вучонымі і правялі на возеры Лескавіцкім даследчую экспедыцыю.
За сваю дапытлівасць і любоў да прыроды дзеці атрымалі нямала падарункаў – буклеты, наклейкі, значкі, кепкі – усім гэтым шчодра дзяліліся  з дзецьмі грамадскія арганізацыі “Экапартнёрства” і “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
А калі дадаць, што ў праграме адпачынку выхаванцаў “Пунсовага ветразя” было багата і спартыўных мерапрыемстваў, і дыскатэк, і новых прыемных знаёмстваў, то зразумела, што вецер трымаў “Пунсовы ветразь” у патрэбным накірунку, і дзеці абавязкова захочуць прыехаць сюды яшчэ.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з асабістага архіва Ірыны КУЛІКАВАЙ.
Надрукавана ў №55 ад 15.07.2014 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *