Да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Актуалии

Пра родны кут і вандроўкі песняра
Пра класікаў наогул пісаць цяжка. Пра іх сказалі да цябе, і сказалі столькі, што хопіць уражанняў і ўспамінаў на многія пакаленні. Няхай. Аднак, на маю думку, кожны чалавек мае права паразважаць пра такую глыбу, пра такога патрыярха, як Якуб Колас.  Мне, хто шэсць гадоў у свой час адвёў у школе беларускую літаратуру, таксама хацелася б падзяліцца і ўражаннямі, і перажытым.
Коласа вучні ў школе любілі. Вядома, не ўсё, і не настолькі, каб зачытвацца ягонай паэзіяй ці прозай.  Любілі “Новую зямлю”, першую частку трылогіі “На ростанях”, асабліва мясціны, дзе Лабановіч з Ядвісяй. Мне асабіста імпануе пачатак трылогіі, у якім малады настаўнік размаўляе з бабкай, якая прыняла яго на кватэру. Дыялогі – проста цуд, майстэрства празаіка такое, што перачытваеш дзесяткі разоў і ўсё роўна знаходзіш нешта новае, якое раней не адчуў, не знайшоў. Кажуць, у тым і геніяльнасць твора, што чытаеш яго і кожны раз здзіўляешся, колькі каларыйных фарбаў і адценняў мае той ці іншы эпізод.
Не будзем развіваць думку пра трылогію – яна вывучаецца ў школе, і кожны вучань, які паважае сябе і беларускую спадчыну, яе прачытаў.  Тым не менш нагадаем, адкуль браў Якуб Колас сюжэты, як выпісваў сцэны, наогул як будаваў сваю трылогію. Усё браў з жыцця, з перажытага асабіста. Наогул тое, што перажыў сам пісьменнік, кладзецца на паперу жыва, свежа і больш прадумана. Тут арышт настаўніка (самога пісьменніка, тады маладога настаўніка, за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе пасадзілі ў турму на тры гады), да гэтага ж змена – не па сваёй волі – не адной школы на Палессі. Пасля няволі Якуб Колас вымушаны быў служыць у царскім войску, затым было ваеннае вучылішча, адкуль выходзіць ён прапаршчыкам, нарэшце, румынскі фронт. Неўзабаве Я. Колас з сям’ёй едзе ў Расію.
Нягледзячы на ўсе жыццёвыя калізіі і павароты лёсу, пісьменнік шмат пісаў. Адно з самых любімых у школе (і дарослымі таксама) – паэма “Новая зямля”. Твор – энцыклапедыя жыцця беларускай вёскі. Такую думку даводзяць у школе, і правільна робяць. Але хочацца сказаць больш. Мне здаецца, гэта залаты злітак любові – да зямлі, да прыроды, да чалавека з адвечнай прагаю мець сваю зямлю. Даволі прыгадаць словы з паэмы “Мой родны кут, як ты мілы!..”, якія сталі не толькі хрэстаматыйнымі, а і крылатымі  для кожнага з нас. А якой светлай любоўю прасякнутая кожная старонка гэтага шэдэўра?! Асабліва цешаць дзяцей раздзелы “Раніца ў нядзельку” і пра тое, як дзядзька Антось варыў дзецям клёцкі ў бярозавым соку. Хацелася, як найсмачней, каб падсалоджаныя, а атрымалася “паскудства, брат, і не пытайся!”.
З гісторыі напісання паэмы. Пачынаў яе Колас, яшчэ седзячы ў турме. І нават калі выйшаў на свабоду, пісаў твор з вялікай ахвотай і ўседлівасцю. Пісаў цэлымі раздзеламі, пасля ж дзясяткі разоў перастаўляў іх месцамі, мяняў. Паэт неяк прызнаваўся, што, бывала, змесціць часопіс нейкі раздзел, а пасля даводзіцца яго “ператрасаць”, нешта дапаўняць,  выкідваць лішняе.
Якуб Колас быў мастаком і  празаічных твораў, і ў паэзіі, і ў сатырычных экспромтах. Гэта дар, гэта знаходка для літаратуры, каб аднолькава таленавітым быў  чалавек у многіх жанрах. Трапілася чытаць у часопісе “Полымя” пра тое, як  “адбрыў” Якуб Колас маладых і задзірлівых  “паэцікаў”, якія захацелі “ўбрыкнуць” мастака слова. І так ён зрабіў гэта адмыслова і хвостка, што крытыканам і мову адняло. Можа, праз нейкі час і шкадаваў пра свой выпад. Наогул жа па натуры Якуб Колас быў чалавекам памяркоўным, хаця  не любіў хлусаў і прыстасаванцаў, не любіў паказухі, не пераносіў на дух назолаў, нахрапістых людзей .  Аднак беларуская памяркоўнасць часам перамагала  ў ім. Так здаралася, калі пісьменніка, у той час дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, прасілі слёзна аб нейкай палёгцы ці прывілеі. Ён спачатку моршчыўся, а праз нейкі час званіў міністрам і іншым чыноўнікам.
У мяне на стале руска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР А. Глебкі.  Слоўнік датуецца 1953 годам,   пад адной  вокладкай умясцілася 86 тысяч слоў.  Слоўніку больш, чым мне самому, але ён спраўна служыць. І будзе служыць не аднаму пакаленню прагных да  сакавітага беларускага слова людзей, бо  складзены выдатна, складзены таленавіта. Так што Якуб Колас пакідаў час і на творчасць, і на складанне слоўнікаў (а праца гэта тытанічная), і на дэпутацкую і іншую грамадскую дзейнасць. Шмат высілкаў каштавала яму перавыданне сваіх твораў.  У гэтай нялёгкай, часам знясільваючай працы дапамагаў яму блізкі чалавек, паэт і празаік Максім Лужанін. Папрацаваць давялося нямала, затое Якуб Колас пакінуў нам багатую літаратурную спадчыну,  пакінуў імя, якое і сёння шануецца і ў Беларусі (даволі нагадаць, што ў Мінску ёсць плошча імя Якуба Коласа), і далёка за яе межамі.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *