Уникальные археологические открытия возле деревни Кордон

Актуалии Край шумілінскі

Унікальнае археалагічнае адкрыццё
Упершыню назва “Шлях з варагаў у грэкі” сустракаецца ў “Аповесці мінулых гадоў”. Гэты трансеўрапейскі гандлёвы шлях у старажытнасці злучаў поўнач і поўдзень Еўропы. Шлях уяўляў сабой сістэму сухапутных, марскіх і рачных камунікацый, якія звязвалі ў IV-XII стагоддзях краіны Скандынавіі, шматлікія княствы Старажытнай Русі з Чорным і Міжземным марамі. Найбольшае значэнне ён набыў у IX-X стагоддзях, многія гісторыкі сцвярджаюць, што шлях быў адным з асноўных фактараў утварэння дзяржаўнасці на  Русі.
Пра старажытныя гарадзішча і селішчы каля Кардона вядома з 1933 года, калі супрацоўнікі секцыі беларускай археалогіі і гісторыі Акадэміі навук БССР правялі поўнае абследаванне Падзвіння. “Праўда, справа тады да археалагічных раскопак не дайшла, – расказвае загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі доктар гістарычных навук прафесар В. М. Ляўко. –  Не маглі нават уявіць, што тут могуць быць такія багатыя археалагічныя знаходкі. Хаця і назва “Кардон”, на мой погляд, вельмі сімвалічная. У IX стагоддзі гэта была мяжа паміж Віцебскім і Полацкім княствамі, своеасаблівы кардон”.
Апошнія некалькі год на “чорным” рынку ўсё больш пачало з’яўляцца старажытных скандынаўскіх рэчаў. “Чорныя капальнікі” месцам іх знаходжання ўказвалі наваколіцы аграгарадка Кардон.  Можна сказаць, што гэта і стала своеасаблівым штуршком да археалагічнага вывучэння Мікалаеўшчыны.
Як адзначыла В. М. Ляўко, летась была праведзена археалагічная разведка, вызначана плошча ў некалькі гектараў каля вёскі Ілава, на якой размешчана гарадзішча, два селішчы і курган, якія датуюцца IX стагоддзем. “Адназначна можна сказаць, што гэта ўнікальнае месца. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць знаходак скандынаўскага паходжання, – падкрэсліла Вольга Мікалаеўна. – Кардон павінен стаць для беларускіх археолагаў і гісторыкаў тым месцам, як, напрыклад, для рускіх Гнёздава, што пад Смаленскам, ці для ўкраінцаў Шаставіца пад Чарнігавам. Месцам, дзе багата археалагічных знаходак, якія дапамагаюць больш даведацца пра старажытную гісторыю нашага краю”. Зараз пад кіраўніцтвам  навукоўцаў Акадэміі навук Беларусі ля Ілава праводзяць археалагічныя раскопкі каля ста студэнтаў-гісторыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава.
Знойдзеныя летась і сёлета знаходкі – гіркі-разнавагі, арабскія дзірхамы, скандынаўскія манеты, рэшткі ўпрыгожванняў і інш. – сведчаць пра тое, што тут актыўна вялася гандлёвая дзейнасць. У нашых продкаў скуплівалі пушніну і воск, а прадавалі  розныя ўпрыгожванні, часцей за ўсё бронзавыя, радзей – сярэбраныя.
“Літаральна некалькі дзён назад знайшлі вельмі важныя артэфакты: ціглі для плаўкі металу і форму-матрыцу, – дзеліцца В. М. Ляўко. – Гэта сведчыць пра тое, што  тут займаліся вырабам упрыгожванняў з металу. Гэта даказвае, што скандынавы аказвалі актыўны гаспадарча-эканамічны ўплыў на мясцовых славян. Пакуль што нельга гаварыць, што прышэльцы са Скандынавіі тут жылі, бо не  знойдзена археалагічных знаходак, якія б сведчылі пра традыцыйны жыццёвы ўклад вікінгаў”.
На поўнае археалагічнае вывучэнне наваколіц Кардона спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў. Археалагічныя знаходкі змогуць запоўніць многія белыя плямы старажытнай беларускай гісторыі.
Пасля сёлетніх работ археалагічнаму помніку каля Ілава будзе нададзены статус помніка 1-й катэгорыі, ён будзе ўзяты пад дзяржаўную ахову
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *