Шумилинские футболистки выиграли «Кожанный мяч» и стали лучшими в области

Актуалии Молодёжь Новости Спорт, туризм

“Скураны мяч” і #ФРОСЯ
У красавіку дзявочая футбольная каманда  з нашага раёна (футбалісткі са Слабадской, Мішневіцкай і Обальскай школ,  СШ №1 і СШ №2, трэнер Уладзімір Кучко) брала ўдзел у гульнях футбольнай лігі дзяўчат (U-13), якая праводзіцца пры падтрымцы Беларускай федэрацыі футбола, УЕФА і ФІФА.
Шумілінская каманда разам з “СК прафсаюзаў” (Віцебск), “Сянно”, “Верхнядзвінскам”, “Камсамольцам” (Віцебск), “Полацкам” і “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) трапіла ў дывізіён #ФРОСЯ. Усе калектывы правялі па 12 гульняў, якія праходзілі ў Віцебску, Полацку і Жодзіне.
Уладзімір Кучко выдатна падрыхтаваў дзяўчат да спаборніцтваў. На рахунку нашых зямлячак 8 перамог, 2 нічыі і 2 паражэнні – гэта дазволіла заняць у групе выніковае трэцяе месца. Адзначым і тое, што шумілінская каманда – самая выніковая – забіла 38 галоў. Па  выніках спаборніцтваў “лепшым бамбардзірам” дывізіёна стала  Анастасія Осіпава з 13 забітымі галамі, а “лепшым гульцом” #ФРОСЯ – Ксенія Антонава.
“Дзяўчаты з задавальненнем ігралі, шмат трэніраваліся. І самае важнае тое, што ліга знойдзе свой працяг восенню гэтага года”, – падсумоўвае Уладзімір Кучко. Дарэчы адной з узнагарод ад арганізатараў лігі было наведванне фіналу кубка Беларусі па футболе, у якім змагаліся ФК “Віцебск” і “Шахцёр” (Салігорск).
У маі ў Оршы прайшлі  фінальныя абласныя спаборніцтвы сярод хлопцаў і дзяўчат “Скураны мяч”. Прыемна адзначыць, што ўпершыню ў фінал выйшлі і дзяўчаты, і хлопцы з Шумілінскага раёна.
Каманду дзяўчынак, за якую выступалі футбалісткі са Слабадской школы, а таксама з СШ №1 і СШ №2, трэніравалі Уладзімір Кучко і Уладзіслаў Траццякоў. Нашы зямлячкі абыгралі сапернікаў і занялі першае месца. У нападаючай Ксеніі Юрчанкі пяць забітых галоў, а лепшай на футбольным полі была Вольга Рахцеева.  Цяпер каманда нашага раёна другі год запар будзе абараць гонар Прыдзвіння на рэспубліканскім фінале “Скуранога мяча”, які пройдзе восенню.
Добры вынік паказалі і шумілінскія хлопцы (трэніраваў каманду Уладзіслаў Траццякоў), якія сталі трэцімі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.