Вечер-портрет в Башневском сельском клубе посвятили Леониду Погорельскому

2020 год - Год малой родины Актуалии Сельское хозяйство

Вернасць роднай зямлі і жніўнаму полю
У Башнёўскім сельскім клубе прайшоў вечар-партрэт “Россыпы не дарэмна пражытых гадоў”, прысвечаны Леаніду Пагарэльскаму, былому старшыні калгаса імя Энгельса. Вечар адкрыў новы праект работнікаў культуры “Мая малая радзіма”.
У клубе сабралася поўная зала вяскоўцаў, што сведчыць пра павагу і прызнанне мудрага чалавека і добрага кіраўніка. Прыйшлі былыя даяркі, цялятніцы, аграномы, пастухі, механізатары, брыгадзіры, каб пабачыцца са сваім кіраўніком, паціснуць яму руку, падарыць кветкі і ў чарговы раз сказаць “дзякуй” за дапамогу, разуменне, добрую параду. Работнікі Башнёўскага клуба сумесна з аўтаклубам раённага цэнтра культуры падрыхтавалі і правялі цікавую праграму з нумарамі мастацкай самадзейнасці.
Старшыня Светласельскага сельвыканкама Аляксандр Дзмітрэнка ўручыў Леаніду Вячаслававічу па-дзяку за штамтгадовую працу, пажадаў здароўя і дабрабыту. Шмат цёплых слоў сказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Навіцкая. Яна адзначыла, што біяграфія раёна цесна звязана з біяграфіяй Леаніда Пагарэльскага. На вечары было багата жадаючых выступіць, сказаць шчырыя, ад самага сэрца, словы Леаніду Вячаслававічу.
Вядучыя мерапрыемства згадалі  грозны 1941 год, калі ў невялічкай вёсцы Сенненскага раёна нарадзіў-ся Леанід Пагарэльскі. Маці на ўсё жыццё дала такі наказ: “Сынок, будзь верны людзям”.  Гэтыя словы мужчына пранёс праз усё жыццё, застаючыся верным роднай зямлі. У 27 гадоў Леанід Пагарэльскі прыехаў на Шуміліншчыну, якая стала для яго другой радзімай. Працаваў інструктарам у Шумілінскім райкаме партыі, у 1986 годзе стаў старшынёй калгаса імя Энгельса. За час свайго 13-гадовага кіравання стаўку рабіў  на дысцыпліну і развіццё вытворчасці.
Л. В. Пагарэльскі падзякаваў арганізатарам свята і ўсім вяскоўцам. Душу ўскалыхнулі ўспаміны: “Я люблю вёску і людзей, ганаруся, што нямала для іх зрабіў. У  Башнях было пабудавана 50 кватэр і 25 дамоў сядзібнага тыпу, 75 сем’яў атрымалі новае жыллё. Давялі да ладу дарогі да кожнай вёскі, пабудавалі фермы Лажок, Дубраўскія, Саладухі, міні-свінаферму. З’явілася калгаснае кафэ “Будавесць”, куды прыязджалі з усяго раёна спраўляць вяселлі і юбілеі. Калгас вылучаўся сучасным машынна-трактарным паркам, добрай кармавой базай, чатырохтысячнымі надоямі. Закупілі ўстаноўку па вытворчасці ячных круп, якімі калгас забяспечваў увесь раён”.
Леанід Вячаслававіч з цеплынёй узгадаў сваіх былых калег і паплечнікаў: галоўнага інжынера Дзмітрыя Шалаханава, агранома Пятра Лапавухава,  галоўнага заатэхніка Алу Сафончык, ветурача Рыгора Кіташова, агранома Аляксандру Міраненку, старшыню партарганізацыі Пятра Ананьева. “І сёння помню ўдарную працу даярак Ніны Тарабукі, Ганны Балботкінай, Надзеі Сямёнавай, калгасных будаўнікоў  Раісы Крысцінінай, Уладзіміра Дунаева, механізатараў Уладзіміра Русакова, Анатоля Міраненкі, Сяргея Жамойдзіна, цялятніц Зоі Сокалавай, Валянціны Міраненкі, пастухоў Валерыя Чыннага, Уладзіміра Шумілава і многіх-многіх іншых” – сказаў Л. В. Пагарэльскі.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Леанід Пагарэльскі  рабіў стаўку менавіта на людзей, давяраючы і дапамагаючы ім. “Людзі – наша сіла, – і зараз упэўнены Леанід Вячаслававіч. – Яны – барометр жыцця, бо заўважаюць і бачаць усё. Я заўсёды раіў сваім спецыялістам нічога не шкадаваць для людзей, бо ім тут жыць і працаваць, выхоўваць дзяцей”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Уладзімір Арлоў, дырэктар ААТ “АграБаравінка”: “Леаніда Вячаслававіча ведаю больш за 30 год. Гэта мой настаўнік, старэйшы таварыш, сябра, да якога можна звярнуцца па любых жыцейскіх пытаннях. Я многаму ад яго навучыўся, на некаторыя рэчы стаў глядзець другімі вачыма. Можна сказаць, што Леанід Вячаслававіч – той чалавек, які прысягнуў на вернасць роднай зямлі і жніўнаму полю. Нізкі паклон яго жонцы Тамары Сцяпанаўне, якая разумее, падтрымлівае, у якой заўсёды выбеленыя кашулі і шчодра накрытыя сталы для гасцей”.
Ніна Тарабука, былая даярка калгаса імя Энгельса: “Добры ў душы, пакладзісты па характары, ён паводзіў сябе сярод нас як роўны – гэта ведаю дакладна, бо адпрацавала на ферме 40 гадоў. Заўжды падбадзёрыць, падтрымае. Ну, а тых, хто парушаў дысцыпліну, так прапясочыць, што пасля гэтага ім ужо не хацелася прагульваць. Я прыйшла на мерапрыемства з кветкамі для Леа-ніда Вячаслававіча, бо ён самы лепшы кіраўнік, які быў у нас у калгасе”.
Васіль Зянькоў, былы дырэктар Башнёўскай школы: “Сваю працоўную дзейнасць у Башнях мы з Леанідам Вячаслававічам пачалі ў адзін год. Калі што было патрэбна школе, мы ішлі да старшыні калгаса і ні разу не пачулі адмову. Калгас нам пабудаваў вялікую спартзалу, зрабіў прыбудову да школы.  На той час гэта была значная падтрымка, якой зайздросцілі многія раёны – нашу школу нават здымала абласное тэлебачанне. Мы ў сваю чаргу дапамагалі калгасу ўбіраць буракі, капаць бульбу. Леанід Вячаслававіч жартаваў, што “школа – гэта яшчэ адна калгасная брыгада”.
Аляксандра Міраненка, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “АграБаравінка”: “Пад кіраўніцтвам Леаніда Пагарэльскага я працавала ў калгасе аграномам. У тыя часы мінеральныя ўгнаенні да нас паступалі вагонамі. Не ставала толькі фосфару. Але Леанід Вячаслававіч з’ездзіў у вобласць, дагаварыўся, і ў наш калгас прыйшоў вагон фосфарных угнаенняў. Увесь раён ахнуў, бо на той час гэта быў дэфіцыт”.
Надрукавана ў №22 ад 19.02.2019 г.