Сергей Искол — о студенчестве вообще и своём первом курсе учёбы в БГУ

Молодёжь Образование

Маё студэнцтва
Студэнцтва – самы цікавы час у жыцці. Залікі, сесія, пары, бяссонныя ночы ў інтэрнаце, прапушчаныя заняткі – першае, што прыходзіць у галаву, калі гаворка заходзіць пра студэнтаў. У студэнцкія гады чалавек пачынае пражываць ужо цалкам дарослае жыццё, але яшчэ не запоўненае будзённымі праблемамі дарослых.
Студэнцкае жыццё – гэта час адкрытых перспектыў, вера ў выкананне ўсіх жаданняў і надзея на адкрытасць усіх дзвярэй. Студэнцтва – гэта яшчэ і першае каханне, першыя памылкі і перажыванні, пацалункі і сардэчныя клятвы. Магчыма, менавіта ў гэты перыяд нехта сустрэне спадарожніка на ўсё жыццё, а нехта здабудзе бясцэнны вопыт.
Поўная самастойнасць – галоўнае адрозненне студэнта ад школьніка. Ты павінен свае праблемы вырашаць сам, бо бацькоў побач няма. Рыхтаваць сабе сняданак і вячэру ты таксама павінен сам. І ты ўжо разумееш, што час дзяцінства прайшоў, і наступіла па-сапраўднаму сталае жыццё.
Мінск – горад магчымасцяў. Рух у сталіцы ніколі не спыняецца. Час там пралятае незаўважна. Здаецца, вось толькі ў мяне быў выпускны, тэсты, уступныя экзамены, а ўжо прайшоў год, які змяніў не толькі свет вакол, але і ўнутраны свет, свядомасць, жыццёвыя прыярытэты.
Некаторыя студэнты паралельна з вучобай знаходзяць сабе яшчэ і прыработак.  Мой сусед па пакоі, напрыклад,  працаваў цырульнікам, сусед па блоку – афіцыянтам у рэстаране, сяброўка ўладкавалася адміністратарам у танцавальны клуб…
Днём  – на вучобу, а ўвечары  – на працу. Складана, канешне, але прыходзіцца, каб мець сваю капейку. Што да навукі, то вучыцца не складана, галоўнае своечасова здаваць усе залікі і іспыты.
Асабіста я перакананы, што зараз самы лепшы час у маім жыцці. Ты сам распараджаешся сваім часам, набываеш новых сяброў, спрабуеш сябе ў новых амплуа.
Са студэнцкім жыццём звязана вялікая колькасць смешных гісторый. Усім знаёмая сітуацыя, калі ў дванаццаць гадзін ночы напярэдадні экзамена ў інтэрнаце расхінаюцца фортачкі, і студэнты крычаць: “Халява, прыйдзі!” І ўсе свята вераць, што такі рытуал гарантуе добрую адзнаку на экзамене.
Студэнцкае жыццё і тусоўкі ў клубах па выхадных – гэта міф. Адзінае, чаго хочацца ў выхадны дзень, дык гэта паспаць. За тыдзень столькі ўсяго пераробіш: лекцыі, канспекты, практычныя заданні, семінары, бязмежныя горы літаратуры… Да таго ж трэба рана ўставаць. Але ў гэтым і складанасць, і хараство студэнцтва. Яно рыхтуе нас да дарослага жыцця, да ўмення рашаць задачы і праблемы.
Жыццё – рух. І пакуль мы маладыя, здаровыя і бадзёрыя, трэба імкнуцца ўперад, ставіць перад сабой мэты, няхай і невялікія, старацца іх дасягнуць. А ў студэнцкія гады гэта робіцца лепш, чым калі-небудзь.
Сяргей ІСКОЛ, студэнт БДУ.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *