Шумілінцы на “Славянскім базары ў Віцебску”

Актуалии

Шумілінцы на “Славянскім базары ў Віцебску”


Адгрымеў XXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, раз’язджаюцца госці, пусцеюць вуліцы і сцэнічныя пляцоўкі.
Але з намі застаюцца ўражанні, якія будуць жыць і падштурхоўваць да новых творчых сустрэч. Прыемна ўсведамляць, што ў неабсяжна вялікую фестывальную праграму свой уклад унеслі і шумілінцы.

“Кірмаш бульбашоў”
Шумілінскі падворак “Кірмаш бульбашоў” карыстаўся надзвычай вялікай папулярнасцю. Таму спрыяла і прыгожае афармленне, і ўдалае размяшчэнне, і вясёлая праграма з песнямі “Гульбічаў”, “Гарэзнікаў, “Абалянкі”, “Світанку”, з жартамі казачнага Антошкі.

Не дзіва, што шумілінскі падворак прыцягваў самых самавітых гасцей. У першы ж дзень “Кірмаш бульбашоў” наведала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзем Ягоравым (на здымку злева, фота Валянціны Чыжыкавай).

Міністра інфармацыі ўразіла, што ў глыбінцы Беларусі ў далёкім Шумілінскім раёне жывуць такія самабытныя калектывы і майстры, і зусім скарыла, калі гаспадыня падворка Валянціна Навіцкая паднесла бохан хлеба, спечаны па старажытным шумілінскім рэцэпце.
А расіянам на шумілінскім падворку вельмі спадабаліся лялькі-грэлкі, майстры Дома рамёстваў прадалі ўсіх, што пашылі загадзя, і падчас базару па начах шылі і малявалі яшчэ. Даспадобы прыйшліся збаночкі, кружкі і іншыя вырабы з задымленай керамікі, а таксама вязаныя кручком шалі. Майстрам нават удалося крыху зарабіць. А як жа з кірмашу ды без грошай прыехаць!
Пакуль што не падведзены вынікі работы падворкаў вобласці, але, думаецца, што наш падворак без узнагарод не застанецца. Тым больш, што на абласной сцэне брэнд “Кірмаш бульбашоў” абаранялі лепшыя шумі-лінскія народныя калектывы.

“Сцяжкі майстэрства”
Ажно 5 касцюмаў прадставіла Шуміліна на абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”. Вельмі пастараліся майстры Дома рамёстваў,  пакуль у дасканаласці вывучылі ўсе нюансы рэгіянальных касцюмаў і ўвасобілі свае пазнанні з дапамогай нажніц і тканіны.
У выніку атрымаліся два дзіцячыя касцюмы, мужчынскі, касцюм кабеты і стараверскі жаночы касцюм. Але і гэта не ўсё, трэба было паказаць касцюм “у справе” на сцэне. І тут вельмі дапамог сцэнічны вопыт “Гульбічаў” з іх вясёлай кадрыляй.
Абласное журы ацаніла гэтыя старанні, асабліва адзначыла стараверскі касцюм, якому прысудзіла 3 месца. Дарэчы, у дыпломе напісана “за аднаўленне форм плечавога адзення”.

“Славянская казка”
Два дыпломы лаўрэатаў атрымалі ў абласным конкурсе майстэрства культарганізатараў “Славянская казка”. Перамогу святкаваў калектыў Обальскага ГДК у намінацыях “Лепшае мастацкае афармленне праграмы” і “Я – аўтар”.

Вясёлка над Віцебскам”
Наша газета ў двух папярэдніх нумарах пісала пра ўдзел ансамбля юных барабаншчыц і народнага духавога аркестра Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў у святочным адкрыцці фестывалю, пра іх удзел у шэсці. Нагадаем, што народны духавы аркестр заняў 2 месца ў абласным конкурсе аркестраў. З дыпломам удзельнікаў вярнуліся і барабаншчыцы. Але гэта далёка не ўсе ўзнагароды.
Дзіцячы фестываль “Вясёлка на Віцебскам”, які традыцыйна ладзіцца ў рамках “Славянскага базару”, прынёс ажно тры прызавыя месцы ў намінацыі “Інструментальная творчасць”: першае месца – Ксеніі Храмцовай, другое – Марыі Скорынавай, трэцяе – Стэле Шылавай. І гэта не ўсё. Марыя Карась з СШ № 1 стала лаўрэатам 2 ступені ў намінацыі “Саліст-вакаліст народнага накірунку”. У намінацыі “Вакальна-харавая творчасць” лаўрэатам 3 ступені стала Вераніка Юрчанка (на здымку, фота Onliner.by ).
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №57 ад 22.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *