Андрей Гордиенко 16 лет работает в пожарно-спасательной службе

Актуалии Общество

Заўсёды ў баявой гатоўнасці

Вось ужо шаснаццаць гадоў дзень пажарнай службы святкуе Андрэй Міхайлавіч Гардзіенка, вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 г. п. Обаль. Кіраўніцтва аддзела па надзвычайных сітуацыях лічыць яго прафесіяналам сваёй справы, надзейным работнікам.
“У выратавальніках  – з 2000 года, – кажа Андрэй. – Спачатку працаваў у пажарнай часці в. Бачэйкава, што ў Бешанковіцкім раёне. І вось ужо трэці год на Шуміліншчыне, куды пераехаў па сямейных абставінах”.
Работа вадзіцеля пажарнай службы заключаецца ў тым, каб у выпадку экстранага выкліку аператыўна даставіць пажарную каманду да месца здарэння. ЗІЛ-130 Андрэя Гардзіенкі заўсёды знаходзіцца ў баявой гатоўнасці: заўсёды поўны бак паліва і ёмістасць для вады па самы верх. Але магутнасць помпы ў пажарнай машыне такая, што тыя дзве з паловай тоны, якія змяшчаюцца ў цыстэрне, выліваюцца за 6-7 хвілін. Таму вадзіцель, які разам са сваімі калегамі едзе на здарэнне, па дарозе вядзе “разведку”: дзе бліжэйшы вадаём, колькі можа быць людзей у палаючым доме. З такой інфармацыяй значна лягчэй працаваць, кажа А. М. Гардзіенка. Тым больш, што вадзіцель не толькі падае ваду і сочыць за машынай, але і дапамагае выратавальнікам, часам нават аказвае першую дапамогу пацярпелым.
“Здарэнні бываюць розныя, – кажа Андрэй Міхайлавіч. – І на дарожна-транспартныя здарэнні выязджаем, і катоў здымаем з высокіх дрэў, і дапамагаем адчыніць гаспадару дзверы кватэры на апошніх паверхах. Але больш усё ж такі прыходзіцца выязджаць на пажары. Як паказвае жыццё, загаранні часта здараюцца ў дамах, дзе жывуць нядобранадзейныя сем’і”.
На думку Андрэя Гардзіенкі, выратавальнік павінен мець добрую вытрымку і ў любой сітуацыі ўмець валодаць сабой. Агонь нікому не даруе халатнасці. Таму штодзённыя заняткі  па адпрацоўцы нарматываў баявога разгортвання, фізічная падрыхтоўка і вынослівасць  – толькі на карысць.  На здарэннях прыходзіцца працаваць шмат і ў хуткім тэмпе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №57 ад 22.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *